Амаль Br77 млн будзе выдзелена на падрыхтоўку да II Еўрапейскіх гульняў

Савету міністраў даручана пры фарміраванні рэспубліканскага бюджэту на 2019 год прадугледзець грашовыя сродкі для працягу падрыхтоўчых мерапрыемстваў да спаборніцтваў.
Sputnik

МІНСК, 16 жні — Sputnik. Амаль 77 мільёнаў рублёў выдзеляць з рэспубліканскага бюджэту за кошт рэзервовага фонду прэзідэнта Беларусі на рэалізацыю мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні II Еўрапейскіх гульняў 2019 года, паведаміла прэс-служба беларускага лідара.

Месячны бязвіз устаноўлены для заўзятараў і ўдзельнікаў Еўрапейскіх гульняў

Адпаведны Указ №315 падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў сераду, 15 жніўня.

"Гэтыя сродкі накіруюць на правядзенне работ па капітальным і бягучым рамонце, добраўпарадкаванні Палаца спорту, рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту і па тэнісе", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Таксама сродкі пойдуць на падрыхтоўку спартыўных аб'ектаў па месцы пражывання ўдзельнікаў Еўрапейскіх гульняў і інтэрнаты для рассялення часткі студэнтаў, якія пражываюць у комплексе "Студэнцкая вёска".

Частка грашовых сродкаў з названай сумы будзе выдзелена на размяшчэнне тэматычных матэрыялаў у вядучых еўрапейскіх сродках масавай інфармацыі, арганізацыю і правядзенне допінг-кантролю спартсменаў і набыццё паслуг праграмна-тэхнічнага блока для правядзення спаборніцтваў.

Савету міністраў даручана пры фарміраванні рэспубліканскага бюджэту на 2019 год прадугледзець грашовыя сродкі для працягу рэалізацыі пералічаных мерапрыемстваў.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Беларусі ў 2019 годзе. Цяпер рэспубліка вядзе актыўную падрыхтоўку па правядзенні спаборніцтваў, адметнай асаблівасцю якіх павінна стаць душэўнасць. Да спаборніцтваў спартсменаў ужо гатовы стадыён "Дынама", працягвае развівацца і інфраструктура горада.