МІНСК, 20 жні — Sputnik. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка ўвайшла ў топ-25 сусветнага рэйтынгу, паведамляецца на сайце WTA.
Беларуска тыдзень таму займала 34-е месца ў рэйтынгу і дабралася да паўфіналу турніру ў амерыканскім Цынцынаці. У 1/2 Сабаленка саступіла прадстаўніцы Румыніі Сімоне Халеп, якая ў вырашальным паядынку затым прайграла галандцы Кікі Бёртанс.
Палепшыла свае пазіцыі ў рэйтынгу і Вікторыя Азаранка — яна з 87-га месца ўзнялася на 80-е.
А вось Аляксандра Сасновіч страціла адзін радок і зараз размяшчаецца на 37-й пазіцыі. Вера Лапко апусцілася адразу на чатыры месцы: з 66-га на 70-е.
У першай тройцы рэйтынгу без змен: Халеп, Караліна Вазняцкі (Данія) і Слоан Стывенс (ЗША).
Сёння Сабаленка і Сасновіч стартуюць на турніры ў Нью-Хейвене (ЗША). Саперніцай Сабаленка будзе аўстралійка Саманта Стосур (64-ы нумар сусветнага рэйтынгу), Сасновіч сустрэнецца з французскай тэнісісткай Крысцінай Младзеновіч (54).