Згодна з тыпавым вучэбным планам пачатковай школы на 2018/2019 навучальны годпершакласнікі будуць вывучаць беларускую мову тры гадзіны на тыдзень.Адпаведнае рашэнне зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі Беларусі.
Вучняў другіх, трэціх і чацвёртых класаў чакаюць тры гадзіны роднай мовы на тыдзень у першым паўгоддзі і дзве гадзіны — у другім паўгоддзі новага навучальнага года.
Крыху іншай будзе штотыднёвая колькасць гадзін беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучанне і выхаванне ажыццяўляецца на рускай мове.
Першакласнікі ў такіх школах будуць вывучаць беларускую мову адну гадзіну на тыдзень у першым і ў другім паўгоддзях, вучні другіх класаў — две гадзіны ў першым паўгоддзі і тры гадзіны ў другім паўгоддзі навучальнага года. Такая ж колькасць гадзін на вывучэнне беларускай мовы запланавана ў трэціх і чацвёртых класах.
У вучняў пятых і шостых класаў згодна з тыпавым планам базавай школы ўвесь год будзе па тры гадзіны беларускай мовы на тыдзень, у вучняў сёмых-дзевятых класаў — па дзве гадзіны.
Вучняў дзесятых-адзінаццатых класаў, якія будуць вывучаць беларускую мову на базавым узроўні, чакае адна гадзіна мовы на тыдзень увесь год. Тыя, хто будзе паглыблена вывучаць гэты прадмет, павінны будуць прыходзіць на заняткі тры разы на тыдзень.
Больш падрабязную інфармацыю аб вывучэнні беларускай мовы ў гімназіях, ліцэях, сувораўскіх і кадэцкіх вучылішчах можна знайсці на Нацыянальным адукацыйным партале.