Новая казка пра літару "Ў" будзе з правакацыйным сюжэтам

За непавагу да духаў сваёй зямлі людзі атрымаюць бясконцую зіму - і ў прамым і ў філасофскім сэнсе.
Sputnik

МІНСК, 28 жні – Sputnik. Трэцюю частку сагі пра прыгоды літары "Ў" – "Як літара Ў Ярылу-Сонца ў Вырай выпраўляла" — пакажуць 22 верасня ў Маладзёжным тэатры эстрады. 

Кампазітар, сцэнарыст і прадзюсар Раман Арлоў, вядомы па мюзікле "Чарадзей" і дзвюх папярэдніх частках казкі "Як літара Ў уратавала Каляды" і "Як літара Ў вясну гукала" прадставіць свой новы праект, у якім узныме складаные і нават правакацыйныя пытанні.

"Беларускія дзеці хочуць быць беларусамі – але дарослыя ім не даюць", — так вызначаецца галоўная праблема казкі, якая будзе прадстаўлена гледачам у фармаце філасофскай прытчы.

Пасля перамогі над злым чараўніком Зюзяй, якая адбылася ў мілулай частцы сагі, надышлі Вясна і Лета, але людзі разбэсціліся, вырашчлі, што Ярыла-сонейка зараз назаўсёды з імі і перасталі яго паважаць. Нават сталі казаць, што Ярыла, ды і навогул духі беларускай зямлі непатрэбныя, і сама Беларусь, з яе культурай, мовай і старадаўнімі звычаямі непатрэбная.

Арлоў: як літара "Ў" стала персанажам навагодняй казкі

У выніку за непавагу да духаў сваёй зямлі людзі атрымаюць бясконцую зіму — і ў прамым і ў філасофскім сэнсе. А ўсё таму, што беларускія бацькі не спяшаюцца аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы, беларускамоўныя групы ў садках і ўвогуле не паважаюць родную мову.

Ці здолела літара "Ў" разам з дзецьмі выратаваць справу, можна будзе даведацца на прэм'еры, якая адбудзецца ў 16:00. Кошт квіткоў — ад 6,5 да 17 рублёў.

Паказы дзвюх папярэдніх казак пра прыгоды Літары Ў і яе сяброў праходзілі ў Мінску, Ашмянах, Гальшанах і Астраўцы.

"Нечакана мы зразумелі, што такога праекту папросту няма на рынку. І таму, пераадольваючы цяжкасці – адсутнасць фінансавання, негатыўныя водгукі крытыкаў ды іншыя – проста пачалі рабіць. І вось – ужо восем паказаў адбылося. Час рушыць далей і зрабіць паўнавартасную серыю — па адной казцы да кожнага сонцавароту", – распавёў аўтар праекта Раман Арлоў, які піша да цыкла казак музыку, тэксты і лібрэта.

Рэжысёрам і выканаўцай галоўнай ролі выступае Кацярына Поцюс.

У файе, як і на пяпярэдніх казках, гледачы пабачаць аутэнтычныя народныя песні і танцы ад школы традыцыйнага мастацтва Вікторыі Міхна. Усе дзеці напрыканцы атрымаюць салодкі пачастунак.