Фестываль "Камяніца" абвясціў поўную праграму свята

Юбілейны фестываль "Камяніца з Банкам БелВЭБ" парадуе гасцей музыкай, майстар-класамі і рознымі цікавымі актыўнасцямі.
Sputnik

МІНСК, 29 жні – Sputnik. Свята музыкі і творчасці "Камяніца" адбудзецца 1 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо. Напярэдадні фестывалю арганізатары абвясцілі поўную праграму.

Onuka, палесскія спевы і заапарк: "Камяніца" прайшла пад Мінскам

"У 2009 годзе, калі пачынаўся фестываль, мы разлічвалі на два-тры гады, але "Камяніца" дагэтуль жыве і з’яўляецца адной з галоўных пляцовак для тых, каго цікавіць культура Беларусі і суседніх краін. Мы запрашаем усіх на вялікае свята музыкі, творчасці і жывых традыцый", – кажа вядоўца фестывалю Алег Хаменка.

Музычны складнік фестываля разгорнецца ў гэтым годзе на трох сцэнах.

Інтэрактыўная сцэна

Апоўдні стартуе інтэрактыўная сцэна "Традыцыя", дзе можна будзе спяваць і танчыць разам з выканаўцамі. Напрацягу гадзіны выступяць фолк-гурт "Чарот", "Любанскія музыкі", Патрыцыя Свіціна, этна-студыя Кetri, фолк-гурт "Гаманіна", а таксама праект "Спеўны сход".

Танцы на "Камяніцы"

З 13:00 да 13:50 заспяе капэла "Коліснія", а затым — мужчынскі гурт "Кудмень".

З 13:50 да 14:20 і прз невялічкі перапынак з 15:10 да 15:25 будуць палескія спевы: дуэт Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі (Драгічынскі раён), гурт "Таняжанка" (Лельчыцкі раён).

З 16:10 да 16:35 і потым з 17:20 да 17:45 на сцэне з'явяцца "Любанскія музыкі". Таксама можна будзе ўбачыцбь традыцыйныя танцы ад Сяргея Выскваркі.

З 18:30 да 18:55 выступае Дударскі клуб, а з 19:40 да 19:55 адбудзецца фолк-джэм.

Галоўная сцэна

На галоўнай сцэне ў другой палове дня з'явяцца хэдлайнеры музычнага шоу:

  • 14:30 – 15:10 – гурт "Стары Ольса"
  • 15:30 – 16:10 – Зміцер Вайцюшкевіч & WZ-Orkiestra
  • 16:40 – 17:20 – Joryj Kloc (Украіна)
  • 17:50 – 18:30 – этна-трыа "Троіца"
  • 19:00 – 19:40 – гурт "Тесто" (Расія)
  • 20:00 – 20:30 – Лявон Вольскі & Павел Аракелян
  • 21:00 – 21:40 – гурт Trollwald

Сцэна ў царкве

Трэцяя сцэна фестывалю размешчаная ў царкве.

15:30 – 16:00 – гурт "Мярэжа"

16:00 – 17:30 – канцэрт "Лірніцкі пагост": Алесь Лось, Дзяніс Сухі, Алесь Чумакоў, Сяргей Чубрык, Каця Радзівілава, Васіль Грынь, Алесь Жукоўскі

Забавы і майстар-класы

З 11:00 гасцей фестываля чакае вялікая зона забаў: атракцыёны – манетны і з металашукальнікам, гульні — настольныя і электронныя, а катанне на конях, лучны і арбалетны цір і традыцыйныя беларускія забавы "Бульбамёт" і "Яшчарка" (беларускі варыянт "Кракадзіла").

Які ж восеньскі фестываль без духмянага сена?

Наведвальнікі таксама змогуць зазірнуць у футбольную зону ад ФК "Тарпеда Мінск", набыць сувеніры  на кірмашы народных майстроў і паглядзець на выставу Ганны Сілівончык і Васіля Пешкуна.

З 12:00 да 15:00 побач з інтэрактыўнай сцэнай будуць адбывацца майстар-класы па традыцыйных рамёствах: пляценні пасталоў і прадзенні на кудзелі, выцінанцы і вырабе лялек-абярэгаў, выкарыстанні зёлкаў і прыгатаванні духмяных гарбатак.

Дзіцячая пляцоўка

Цэнтр "Крочым разам" прапануе маленькім наведвальнікам фестывалю гульні, творчыя майстэрні і зону для адпачынку, якія пачнуць сваю працу з 11:00. Акрамя таго, там жа будзе кірмаш дзіцячых вырабаў, дзе кожнае дзіця зможа размясціць і прадаць свае вырабы, зробленыя на фэсце. Таксама малыя змогуць пацешыцца беларускімі настольнымі гульнямі.

Дзеці змогуць прадаць уласныя вырабы на кірмашы

У 13:00 маленькія гледачы ўбачаць спектакль з элементамі батлейкі і інтэрактыву ад вандроўнага тэатрыка "Варгін". У 14:00 і 15:00 – дзіцячыя гульні, казкі і забавы ад Ларысы Рыжковай і гурта "Калыханка".

Бацькоў папярэджваюць, што кожны маленькі глядач на ўваходзе атрымае адмысловы папяровы бранзалет, на якім будзе напісаны тэлефон бацькоў.

Транспарт

Музей народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо знаходзіцца ў 4-х кіламетрах ад МКАД за аўтарынкам  "Малінаўка". Даехаць можна на асабістым аўто, ровары і аўтобусах.

Бясплатны фестывальны аўтобус будзе курсіраваць ад метро "Малінаўка" да музея і назад з 11:45 (першы ад "Малінаўкі") да 22:30 (апошні з музея). Акрамя таго "Мінсктранс" ладзіць дадатковыя рэйсы платных аўтобусаў №203Э праз  прыпынак "Малінаўка". Расклад можна ўбачыць на сайце музея www.etna.by.

Квіткі

Квіткі на "Камяніцу" ў папярэднім продажы і ў першую гадзіну фестывалю каштуюць: 15 рублёў (дарослыя), 10,5 рублёў (школьнікі і студэнты).

Пасля 13:00 1 верасня кошты складуць: 20 рублёў (дарослы) і 15 рублёў (школьнікі і студэнты).

Гледачам у поўных версіях нацыянальных строяў (ад галаўных убораў да пасуючага абутку) – уваход бясплатны. Генеральны партнёр фестывалю – ААТ "Банк БелВЭБ".