МІНСК, 2 вер — Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне ўдзельнікам і гасцям урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню беларускага пісьменства, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
У Беларусі ў гэтым годзе 25-ы раз праходзіць Дзень пісьменства, у краіну прыехала рэкордная колькасць гасцей з многіх краін свету.
"Сардэчна віншую вас з юбілейным, дваццаць пятым Днём беларускага пісьменства, які адзначаецца сёлета на гасціннай брэсцкай зямлі", — гаворыцца ў віншаванні беларускага лідара.
Гэтае свята, падкрэсліў прэзідэнт, з'яўляецца знакавай падзеяй у культурным жыцці краіны, сведчаннем красы і сілы беларускай мовы, духоўных традыцый нашага народа.
"Многія стагоддзя пісьмовае слова перадае з пакалення ў пакаленне вечныя ідэалы прыгажосці, дабра, справядлівасці, з'яўляецца жыватворнай крыніцай мудрасці і ведаў, надзейным спадарожнікам кожнага чалавека на яго жыццёвым шляху", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што, святкуючы Дзень беларускага пісьменства, мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто ствараў нашу культуру, садзейнічаў асвеце і падняў на высокі ўзровень беларускае мастацкае слова.
Продкі пакінулі беларусам неацэнны скарб — родную мова, выдатнымі ўзорамі якой з'яўляюцца творы Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа, адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Захоўваючы спадчыну класікаў, цяперашняе пакаленне беларусаў сваёй плённай стваральнай працай будзе ўмацоўваць суверэнітэт і незалежнасць Радзімы, упэўнены прэзідэнт.