Перашкодзіў Мі-2: у Гродне паскардзіліся на верталётныя экскурсіі над горадам

Напярэдадні 890-годдзя Гродна ўпершыню гараджанам прапанавалі палётаць на верталёце над цэнтрам горада, але знайшліся незадаволеныя, якія накіравалі ў гарвыканкам скаргі.
Sputnik

ГРОДНА, 13 вер — Sputnik, Іна Грышук. Незадаволеныя жыхары Гродна паскардзіліся на нестандартную для горада забаўку, якую мэрыя ўпершыню арганізавала напярэдадні 890-годдзя абласнога цэнтра. Людзям дазволілі палётаць над горадам на верталёце, але знайшліся нязгодныя, якія дамагаюцца датэрмінова спыніць аглядныя экскурсіі.

Як стала вядома карэспандэнту Sputnik, раніцай пілотаў верталёта Мі-2 Віцебскага аэраклуба імя Гараўца, на якім на працягу трох дзён здзяйсняліся аглядныя экскурсіі над цэнтрам Гродна, выклікалі на размову ў гарвыканкам. Прычына — паступілі скаргі з боку некаторых мясцовых жыхароў, прадстаўнікоў навучальных устаноў, якія незадаволеныя шумам і вышынёй палётаў. Яны таксама выказвалі апасенні, што палёты верталёта над горадам з'яўляюцца пагрозай для жыцця.

Пакуль у мясцовым органе ўлады разбіраліся са скаргай, c 16 гадзін учорашняга дня верталётныя аглядныя экскурсіі часова былі прыпыненыя. Але тут жа пачаліся новыя скаргі — ужо ад тых, хто прыехаў на экскурсію, але не паспеў палётаць.

Як распавялі прадстаўнікі Віцебскага аэраклуба, на той момант каля ўзлётнай пляцоўкі сабралася каля 150 чалавек, многія адпрасіліся з працы, хтосьці паабяцаў палёт у падарунак дзіцяці на дзень нараджэння. Сёння ў першай палове дня верталёт над цэнтрам Гродна не ўздымалася.

Як беларус адзін аблічбоўвае найстарэйшыя могілкі краіны

Аглядныя экскурсіі на Мі-2 над цэнтрам горада было вырашана арганізаваць да 890-гадовага юбілею. Для гэтага верталёт 10 верасня на тыдзень прыляцеў у Гродна. Па задумцы, падняцца на вышыню амаль 500 метраў і ўбачыць горад з незвычайнага ракурса маглі ўсе жадаючыя. Узлётная пляцоўка размясцілася на пустцы насупраць Old City.

Жадаючых здзейсніць незвычайную экскурсію збіралася так шмат, што да пляцоўкі выстройваліся чэргі. Вядома, што палёты здзяйсняліся на бяспечнай вышыні, з захаваннем усіх нормаў, шум верталёта не перавышаў дапушчальныя нормы.

"Верталёт сертыфікаваны, абслужаны, шуму ад яго не больш, чым ад чыгункі або гружанай фуры. Узлёты і пасадкі здзяйсняюцца не над жылымі пабудовамі, а над гаражамі", — удакладнілі прадстаўнікі Віцебскага аэраклуба імя Гараўца.

Тым не менш, у мэрыі павінны былі адрэагаваць на скаргі, якія паступілі. Аглядныя экскурсіі на Мі-2 не забаранілі, але змянілі графік палётаў з улікам інтарэсаў незадаволеных гараджан. Час для палётаў зменшыўся, значыць, ажыятажу вакол новай паслугі стане яшчэ больш.