Егіпецкія археолагі ў храме пад Асуанам знайшлі новага сфінкса

Выяўленая скульптура ўжо адпраўлена ў Нацыянальны музей егіпецкай цывілізацыі, размешчаны ў Фустаце.
Sputnik

МІНСК, 17 вер — Sputnik. Егіпецкім археолагам пашчасціла знайсці ў ваколіцах Асуана старажытную скульптуру сфінкса, паведаміла ў нядзелю Міністэрства па справах старажытнасцяў.

Знаходка была зроблена ў храме ў горадзе Ком-Омба, размешчаным паблізу Асуана, падчас працы па зніжэнні ўзроўню грунтовых вод у будынку.

Па словах генеральнага сакратара Вярхоўнага савета па справах старажытнасцяў Мустафы Вазіры, па часе статуя, хутчэй за ўсё, адносіцца да эпохі Пталемеяў — гэта 331 год да нашай эры — 31 год нашай эры.

У сваю чаргу кіраўнік арганізацыі "Асуанская старажытнасць" Абдэль Манэйм Саід паведаміў, што археолагі збіраюцца працягнуць пошукі ў храме, каб знайсці новую інфармацыю пра сфінкса.

Паведамляецца, што знойдзеная скульптура ўжо адпраўлена ў Нацыянальны музей егіпецкай цывілізацыі, размешчаны ў Фустаце.