Сярэднявечны дом XIV стагоддзя знайшлі на раскопках Старога замка ў Гродне

Дзякуючы таму, што дом добра захаваўся, навукоўцы змогуць зразумець, як жылі гарадзенцы ў XIV стагоддзі.
Sputnik

ГРОДНА, 20 вер — Sputnik, Іна Грышук. Дом сярэдзіны XIV стагоддзя, які вельмі добра захаваўся, знайшлі археолагі падчас раскопак ва ўнутраным дворыку Старога замка ў Гродне.

"Спрачацца няма сіл": рэканструкцыю Старога замка абмеркавалі ў Гродне

Археолагі адкрылі пакуль толькі частку драўлянага будынка: гэта зруб 4 на 9 метраў, які досыць добра захаваўся. Унутры былі знойдзены розныя прадметы побыту, ёсць печка і нават падмурак. Пабудова знаходзіцца прама ва ўнутраным дворыку Старога замка побач са сцяной.

Археалагічныя раскопкі побач са Старым замкам пачаліся напрыканцы мінулага года. Іх праводзяць напярэдадні рэканструкцыі, вакол якой дагэтуль не сціхаюць грамадскія спрэчкі.

Падчас раскопак археолагі ўжо зрабілі шмат унікальных знаходак — упрыгажэнні, шахматныя фігуры, частка драўлянай шахматнай дошкі, рэдкая кафля ў выглядзе фігурных гаршкоў, з якой рабілі печкі ў часы караля Стэфана Баторыя.