Лепшай беларускай кнігай паэзіі 2017 года стаў зборнік Алеся Разанава

Напярэдадні імя пераможцы абвясціла журы конкурсу Наталлі Арсенневай.
Sputnik
МІНСК, 21 вер — Sputnik. Беларускі паэт і перакладчык Алесь Разанаў атрымаў паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай як аўтар найлепшай паэтычнай кнігі 2017 года. Імя пераможцы напярэдадні назвала журы конкурсу, паведамляе Беларускі ПЭН-Цэнтр.
Горват або Разанаў: каму з беларусаў яшчэ можна даць "Нобелеўскую прэмію"?
Узнагароду Разанаў атрымаў за кнігу "Перавыбранае". Члены журы назвалі яе "сумай мастацкіх адкрыццяў у разнастайных наватарскіх жанрах, якія, пашыраючы інтэлектуальныя далягляды беларускай культуры, змянілі і працягваюць мяняць аблічча сучаснай паэзіі".
Цырымонія ўручэння прэміі прайшла 20 верасня у дзень 115-годдзя Наталлі Арсенневай.  Усяго ў шорт-лісце прэміі ў гэтым годзе было дзевяць кніг, у тым ліку, "Эпідэмія ружаў" Вальжыны Морт і "Сны дарог" Усевалада Сцебуракі.
У складзе журы прэміі працавалі літаратуразнаўца і пісьменніца Вольга Іпатава, паэтка Наста Кудасава, паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч, паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.