Імя лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2017-га назавуць у чацвер. Беларусаў прэміяй ужо адзначалі — у 2015-м яе атрымала Святлана Алексіевіч. Пра тое, дасягненні ў літаратуры якіх беларускіх аўтараў варта было б заўважыць нобелеўскаму камітэту, карэспандэнт Sputnik пагутарыў з пісьменнікамі Адамам Глобусам, Андрэем Жвалеўскім, Віктарам Марціновічам і Зміцерам Вішнёвым.
Пушкіну не далі — і нічога
Беларускі пісьменнік і мастак Адам Глобус лічыць, што з сучаснікаў вартыя Нобелеўскай прэміі Андрэй Федарэнка, Альгерд Бахарэвіч, Андрэй Хадановіч. Зрэшты, іх ён узнагародзіў сваёй уласнай прэміяй "Залатая літара".
"Я б даў Нобелеўскую прэмію Янку Брылю, але замест яго атрымала Алексіевіч. Гэта ён адкрыў літаратурную форму інтэрв'ю, але так заўсёды — хтосьці робіць адкрыццё, хтосьці атрымлівае прэмію. Як і ў рускай літаратуры: не Дастаеўскі, не Чэхаў і не Талстой, а Салжаніцын атрымаў прэмію", — падзяліўся меркаваннем Глобус і выказаў упэўненасць: раз беларуская літаратура прэмію яшчэ не атрымлівала, ёсць падставы спадзявацца, што ў нас усё яшчэ наперадзе.
Ён дадаў, што, разважаючы аб тым, каму варта было б даць прэмію, трэба называць не мёртвых пісьменнікаў, а жывых.
"Не толькі Купалу і Коласу, але і Пушкіну, і Гамеру не далі прэмію — не было яе тады. На мой погляд, многія беларускія пісьменнікі вартыя Нобелеўскай прэміі, але ім яе не дадуць", — выказаў упэўненасць Глобус.
Ён упэўнены, што беларусаў абыходзяць увагай не таму, што Нобелеўскі камітэт не знаёмы з іх творчасцю.
"Такой камсамольскай пісьменніцы, як Алексіевіч, нават далі! Швецыя проста працягвае спецыфічную Палтаўскую бітву супраць Расіі. Да таго ж, мы не ведаем тых людзей, якія прымаюць рашэнні. Пакажыце свае асобы! Вы Бобу Дзілану далі прэмію, а Міку Джагер — не. Я добра стаўлюся да Боба Дзілана, але ў параўнанні з Джагерам ён ніхто", — рэзюмаваў Глобус.
"Я б прысудзіў Разанаву"
Паэт і выдавец Зміцер Вішнёў лічыць, што з беларусаў больш іншых Нобелеўскай прэміі годны паэт Алесь Разанаў. І не без суму дадае, што і знакамітаму беларускаму паэту прэмія наўрад ці дастанецца. На карысць Разанава выказаўся і пісьменнік Віктар Марціновіч.
"Нобелеўская прэмія даецца літаратару, які пераведзены на самыя розныя мовы, каб многія чытачы маглі ацаніць яго творы. Вось і ўся арыфметыка", — лічыць Вішнёў і прызнае, што ў апошнія гады Нобелеўская прэмія ўсё часцей становіцца ўпісанай ў палітычны кантэкст.
Тым не менш, для Вішнёва прэмія застаецца адной з самых значных падзей у літаратуры, прысуджэнне якой адначасова з'яўляецца прысваеннем тэкстам знака якасці.
Не Дзілану, а Горвату
Пісьменнік Андрэй Жвалеўскі сярод самых годных прэміі калегаў назваў пісьменніцу Людмілу Рублеўскую.
"А ўлічваючы апошнія павевы — і аўтара зборніка "Радзіва "Прудок" Андруся Горвата. Ці будзе рэзананс як з Дзіланам? Горвата усё ж такі ведаюць паменш, чым Дылана, так што рэзананс быў бы толькі ўнутры нашай краіны", — распавёў Жвалеўскі.
Ён не ўпэўнены, што ў бліжэйшы час беларусам варта чакаць асаблівай увагі ад Нобелеўскага камітэта.
"Беларусы ў асобе Алексіевіч ужо нядаўна спадабаліся каралеўскай акадэміі. Наіўна думаць, што нашых цяпер будуць праз год "Нобелямі" адорваць", — рэзюмаваў пісьменнік.