Футбалісты БАТЭ да канца сезона будуць гуляць з чорнымі павязкамі

Сёння "жоўта-сінія" правядуць паядынак супраць мінскага "Тарпеда" на стадыёне "Трактар".
Sputnik

МІНСК, 26 вер — Sputnik. Футбалісты барысаўскага БАТЭ да канца гэтага сезона будуць гуляць з чорнымі павязкамі ў памяць аб старшыні праўлення клуба Анатолі Капскім, паведамілі Sputnik у прэс-службе "жоўта-сініх".

БАТЭ апублікаваў відэаролік у памяць аб Капскім

Капскі памёр 22 верасня ва ўзросце 52 гадоў, пахаванне прайшло 24 верасня.

"ФК БАТЭ звярнуўся ў Асацыяцыю "Беларуская федэрацыя футбола" з хадайніцтвам дазволіць гульцам "жоўта-сініх" выходзіць на поле з жалобнымі павязкамі ў паядынках чэмпіянату і Кубка краіны, якія засталіся да канца гэтага года. АБФФ задаволіла гэтае хадайніцтва", — распавялі ў клубе.

Суразмоўцы агенцтва патлумачылі, што такім чынам будзе ўшанавана памяць Капскага.

Сёння барысаўчане правядуць паядынак супраць мінскага "Тарпеда" ў рамках 22-га тура чэмпіянату краіны. Гульня пройдзе на стадыёне "Трактар" у Мінску.

БАТЭ ў чэмпіянаце краіны займае першае месца — у актыве каманды 51 бал. Найбліжэйшы пераследнік — "Дынама-Мінск" — адстае на шэсць ачкоў.