Несуцяшальная дэмаграфія: кожны чацвёрты ў Беларусі - пенсіянер

Па класіфікацыі ААН насельніцтва Беларусі лічыцца старым - практычна чвэрць краіны выйшла з працаздольнага ўзросту.
Sputnik

МІНСК, 27 вер — Sputnik. Насельніцтва Беларусі старэе год ад года, паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак.

Эксперты: як змянілася стаўленне грамадства да сямейных каштоўнасцяў

"Удзельная вага пажылых людзей сярод усяго насельніцтва рэспублікі складае 25,1%", — паведаміў журналістам намеснік міністра.

Па класіфікацыі ААН, насельніцтва краіны лічыцца старым, калі доля грамадзян ва ўзросце старэй за 65 гадоў складае 7% і больш. У Беларусі, паводле звестак Мінпрацы і сацабароны, гэты паказчык складае 14,9% ад агульнай колькасці насельніцтва.

"У Беларусі выразна назіраецца працэс старэння насельніцтва. Падобная тэндэнцыя назіраецца ва ўсіх краінах Еўрапейскага рэгіёну", — адзначыў намеснік міністра.

Яшчэ адна несуцяшальная дэмаграфічная тэндэнцыя — да старасці ў нашай краіне дажываюць пераважна жанчыны. Пажылых жанчын у Беларусі ў 2,5 разы больш, чым мужчын. Сярод тых, хто перажыў стогадовы рубеж (а такіх у краіне 396 чалавек) — усяго 41 чалавек, 355 — жанчыны.