Не толькі выстава: лекцыі і спектаклі чакаюць гасцей "Восеньскага салона"

Арганізатары падрыхтавалі шмат цікавага для самых маленькіх аматараў мастацтва.
Sputnik

МІНСК, 5 кас — Sputnik. Насычаная адукацыйная праграма з удзелам беларускіх і міжнародных экспертаў прадугледжана падчас правядзення чацвёртага "Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам" у Мінску.

Віцэ-прэм'ер Русы, Дарт Вэйдар і дзяўчаты: чым пацешыць "Восеньскі салон"

Адукацыйны месяц распачнецца 10 кастрычніка з лекцыі кандыдата мастацтвазнаўства Вольгі Каваленка, якая распавядзе пра развіццё арт-рынку ад самага пачатку да сённяшніх дзён. Яна ж паведаміць пра ролю мастацкіх салонаў у сусветным мастацтве на лекцыі 24 кастрычніка.

12 кастрычніка госці Палаца мастацтваў змогуць паўдзельнічаць у размове пра дэвіянтнае мастацтва Беларусі разам з заснавальніцамі беларускага збору дэвіянтнага мастацтва Дар'яй Яскевіч і Кацярынай Савіцкай.

Таямніцы чарговага "Восеньскага салона" 31 кастрычніка на лекцыі будзе раскрываць куратар праекта Аляксандр Зіменка.

Адмысловую праграму арганізатары аднаго з галоўных выставачных праектаў сезона падрыхтавалі для маленькіх наведвальнікаў арт-праекта. 19, 26 і 27 кастрычніка, а таксама 3 лістапада лекцыі для іх правядзе навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Мікіта Моніч.

Акрамя лекцыі на пляцоўцы палаца мастацтваў  запланаваныя два спектаклі — "Кі, мой мілы, кі" і "Самы круглы ў свеце ложак". Першую пастаноўку, падрыхтаваную пры падрымцы музыкі Святланы Бень, прадставіць тэатр-студыя "Картонка". Гісторыя пра кіта, які быў аматарам падарожаў, не пакіне нікога абыякавым.

Тэатр-студыя "Konislon" пакажа пяць эцюдаў на вершы Ірыны Піваваравай аб зямлі як самым круглым і ўтульным у свеце ложку. Дзяцей чакаюць паэзія, гукі прыроды, класічная музыка і бабуліны калыханкі.

Саму выставу можна будзе наведаць з 5 кастрычніка па 4 лістапада.