Чацвёрты "Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам" яшчэ да адкрыцця стаў рэкардсмэнам — у гэтым годзе пададзена самая вялікая колькасць заявак за ўсю гісторыю існавання арт-праекта. Усяго на выставачнай пляцоўцы прадстаўлены работы 150 аўтараў — 124 індывідуальныя заяўкі і 26 заявак ад галерэй, прычым не толькі мінскіх, але і рэгіянальных.
"Адной з нашых мэтаў было паказаць, што ў Беларусі ёсць розныя аўтары. Некаторыя з іх працягваюць мастацкія традыцыі, а другія ламаюць стэрыатыпы і імкнуцца знайсці ўласныя накірункі і выяўленчыя сродкі", — паведаміў куратар праекта Аляксандр Зіменка.
Па яго словах, у гэтым годзе асабліва парадавала дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Што тычыцца жывапісу, то тут можна ўбачыць як класічнае мастацтва, так і абсалютна постмадэрнісцкія працы.
Напрыклад, Аляксандр Бельскі, які заваяваў публіку карцінамі з імперскімі штурмавікамі і паказаў збіццё снегавікоў АМАПам, у гэтым годзе прадставіў работу "Сустрэча на высокім узроўні", сярод персанажаў якой — Дарт Вэйдар, старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка і віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы. Сярод прац і мастакоў "з гісторыяй" ёсць некалькі пад назвай "Космас наш", створаных мастаком с псіхічным захворваннем Канстанцінам Ладошкіным.
Ацаніць творчасць сучасных беларускіх мастакоў можна будзе да 4 лістапада ў сталічным Палацы мастацтваў. Глядзіце ў фотастужцы Sputnik, што сёлета чакае наведвальнікаў.