"Нобеля" па эканоміцы ўручылі за даследаванні ў галіне змены клімату

Навукоўцы даказалі, што веды ў сферы змены клімату стымулююць развіццё новых тэхналогій, і даследавалі эканамічныя прычыны, якія ўплываюць на аб'ёмы выкіду ў атмасферу вуглякіслага газу.
Sputnik

МІНСК, 8 кас — Sputnik. Амерыканцы Уільям Нордхаус і Пол Ромер падзялілі прэмію па эканоміцы памяці Альфрэда Нобеля за інтэграцыю інавацый і ўплыву клімату з эканамічным ростам.

Асабістае шчасце, барацьба з голадам і іншыя тэмы нобелеўскіх лаўрэатаў

Нордхауса ўзнагародзілі за "інтэграцыю кліматычных змяненняў у доўгатэрміновыя макраэканамічныя даследаванні". Ён даследаваў эканамічныя прычыны, якія ўплываюць на выкід у атмасферу вуглякіслага газу. Некаторыя ўрады выкарыстоўвалі даследаванні вучонага для таго, каб знізіць уплыў развіцця вытворчасці на глабальнае пацяпленне.

Ромеру ўручылі прэмію з фармулёўкай за "інтэграцыю тэхналагічных інавацый у доўгатэрміновыя макраэканамічныя даследаванні". Вучоны, па словах камітэта, даказаў, што веды аб змяненні клімату ўплываюць на доўгатэрміновы эканамічны рост, становяцца стымулам для развіцця інавацый.

Лаўрэатаў абвясцілі сёння ў Шведскай каралеўскай акадэміі навук. Гэтую прэмію заснаваў Банк Швецыі ў 1969 годзе пасля таго, як філантроп Альфрэд Нобель распарадзіўся стварыць Нобелеўскую прэмію. Дадзеная прэмія заснаваная ў яго памяць і ўручаецца за дасягненні ў эканамічных навуках.

У 2017 годзе прэмію атрымаў амерыканскі эканаміст Рычард Талер за даследаванні ў сферы паводніцкай эканомікі. Ён праводзіў псіхалагічны аналіз механізму прыняцця эканамічных рашэнняў.

Мяркуецца, што ў гэтым годзе сярод кандыдатаў былі брытанскі эканаміст Стывен Р. Бонд і іспанец Мануэль Арэналла, якія распрацоўвалі мадэль для ацэнкі эканамічнага адказу на палітычныя падзеі. Аднак дакладны спіс прэтэндэнтаў стане вядомы толькі праз пяцьдзесят гадоў.