Пра Смаргонь па-англійску: пераклад кнігі Скарынкінай прадставілі ў Мінску

На англійскай мове зборнік эсэ пра беларускі райцэнтр убачыў свет у жніўні гэтага года і ўжо дэбютаваў на Міжнародным кніжным фестывалі ў Эдынбургу.
Sputnik

МІНСК, 18 кас — Sputnik. Англамоўны пераклад кнігі "Шмат Чэслава Мілаша і крыху Элвіса Прэслі" ("A Large Czeslaw Milosz With a Dash of Elvis Presley") Таццяны Скарынкінай прадставілі напярэдадні ў Мінску.

Самая маладая беларуская пісьменніца пра папулярнасць, сацсеткі і панк-рок

Зборнік гісторый беларускай аўтаркі распавядае пра паўсядзённае, але ад гэтага не менш незвычайнае і цікавае жыццё ў райцэнтры. Таццяна сама жыве ў Смаргоні і, як атрымалася, цяпер дзеліцца сваімі назіраннямі з усім светам. Яна працавала журналістам, мастаком-ілюстратарам і нават паштальёнам, таму занатаваных цікавостак хапае.

Першая прэзентацыя выдання пасля перакладу на англійскую мову прайшла на Міжнародным кніжным фестывалі у Эдынбургу ў жніўні. У беларускай сталіцы мінчанам, як і замежным чытачам, пра зборнік эсэ распавялі аўтарка Таццяна Скарынкіна і перакладчык Джым Дзінглі.

"Я пісала яе не як кнігу, таму сур’ёзна не ўспрымаю. Гэта былі проста калонкі, якія хтосьці – нават ужо і не памятаю, хто дакладна – прапанаваў аб’яднаць і выдаць", – падзялілася ўспамінамі пісьменніца.

Пра Смаргонь па-англійску: пераклад кнігі Скарынкінай прадставілі ў Мінску

Таццяна Скарынкіна заўсёды больш захаплялася паэзіяй і ніколі не думала, што стане такой вядомай праз празаічныя творы. Яе вершы публікаваліся ў маскоўскім часопісе "Воздух", на рускамоўных сайтах Германіі і Ізраіля. У 2013 годзе выйшаў зборнік паэзіі "Книга для чтения вне помещений и в помещениях", праз некаторы час - "Португальские трехстишия". Тым не менш быць калумністкай ёй падабалася.

"Гэты занятак зацягвае – быццам ты сышчык, якія даследуе жыццё людзей – яно сыйшло і ніколі больш не вернецца, а ты раскопваешь штосьці такое і пастаянна сутыкаешься з нечаканымі рэчамі. У гэтым сэнсе мне больш падабаюцца пажылыя людзі – яны вельмі добрыя апавядальнікі", - дадала яна.

Пра Смаргонь па-англійску: пераклад кнігі Скарынкінай прадставілі ў Мінску

Пасля пападання ў шорт-ліст прэміі Гедройца кніга Скарынкінай трапіла на Міжнародную кніжную выставу і праз некаторы час у "Кнігарню Логвінаў" звярнулася выдавец з Эдынбурга Джын Фіндлі з просьбай даць ёй перакладчыка. Так з кнігай пачаў працаваць паліглот Джым Дзінглі.

"Гэта кніга незвычайная, у ёй нечакана пераплятаюцца Чэслаў Мілаш, Элвіс Прэслі і Пушкін. Увогуле там можна знайсці шмат нечаканага і незвычайнага. Напрыклад, якая сувязь паміж цыганам, салямі і гіпнатызёрам? У гэтай кнізе яна ёсць", - распавёў Джым Дзінглі.

Зборнік гісторый з жыцця Смаргоні атрымаў высокія ацэнкі замежных крытыкаў. Рэцэнзію на англамоўнае выданне апублікавалі нават у брытанскім часопісе Country Life, які выдаецца з 1897 года.

Чытайце таксама: