Следам за майя і ацтэкамі мексіканцы вераць, што ў гэтыя дні душы памерлых сваякоў наведваюць родны дом. У гэтыя дні, ці напярэдадні ў краіне ладзяць парад, і любімым вобразам, вядома, становіцца Катрына.
Сімвал мексіканскай культуры і жывапісу, Катрына сімвалізуе багацце і прыгажосць, смяротную, як і ўсё на зямлі.
Сучаснае аблічча для Катрыны стварыў мексіканскі мастак Хасэ Гуадалупе Пасада ў 1913 годзе. Галоўныя складнікі вобраза - макіяж і ўпрыгожаны кветкамі шыракаполы капялюш, модны на пачатку XX стагоддзя.
Асаблівае стаўленне мексіканцаў да смерці шмат у чым прыйшло ад індзейцаў. У Дзень мёртвых прынята наведваць могілкі, упрыгожваць магілы аксаміткамі, прыносіць фотаздымкі, напоі і ежу.