ВІЦЕБСК, 25 кас - Sputnik. Калі дом пісьменніка Уладзіміра Караткевіча перададуць Оршы, з яго можна будзе зрабіць цікавы турыстычны аб'ект, распавяла Sputnik дырэктар "Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны" Юлія Камарова.
Па словах дырэктара, многія турыстычныя маршруты ў Оршы праходзяць праз дом, у якім у свой час жыў вядомы беларускі пісьменнік.
"Пакуль ніякай інфармацыі ў супрацоўнікаў Аршанскага музея Караткевіча, які з'яўляецца нашым філіялам, пра тое, што дом класіка збіраюцца перадаць музею, няма", - дадала Камарова.
Адзінае, што супрацоўнікі музея даведаліся ад унучатай пляменніцы пісьменніка, якая нядаўна прадала будынак, - новы ўладальнік не будзе зносіць яго, а збіраецца адрамантаваць - умацаваць сцены і залатаць дах.
Нагадаем, летам бягучага года ў інтэрнэце з'явілася аб'ява аб тым, што ў цэнтры Оршы прадаецца дом, які належаў сям'і Караткевічаў. На будынак адразу знайшлося некалькі пакупнікоў.
У выніку каля двух тыдняў таму дом пісьменніка быў набыты. Па чутках, новым гаспадаром стаў бізнесмен родам з Оршы, які нібыта хоча адрамантаваць будынак і падарыць гораду.
Дом, у якім некаторы час жыў і тварыў Караткевіч, не ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і дзяржавай не ахоўваецца.