Дзень Кузьмы і Дзям'яна, заступнікаў кавальства, святкуецца 14 лістапада. Па народным павер'і, Кузьма і Дзям'ян - божыя кавалі, якія куюць зоркі на неба, а таксама скоўваюць рэкі лёдам.
Кавалёў у вёсцы заўсёды вельмі паважалі, але і баяліся, таму што верылі: майстар можа знацца з нячыстай сілай, чорт можа навучыць яго, як зрабіць асабліва ўдалую зброю. Але лічыліся кавалі і галоўнымі абаронцамі ад нячысцікаў, якія, як вядома, баяцца агню і жалеза.
Кавалі рабілі рэчы гаспадарскага прызначэння: сякеры, сярпы, цвікі, падковы, замкі і іншае, а таксама ланцугі, зброю, рашоткі і мастацкія вырабы. Кузня звычайна знаходзілася на краі вёскі, пры дарозе. Пра кавалёў казалі, што ў іх рукі ў золаце: гэта можна было тлумачыць і тым, што майстры вельмі ўмелыя ў сваёй справе, і што ў іх заўсёды ёсць грошы.
У народнай культуры каваль асацыяваўся таксама са стваральнікам-дэміўргам, таму існавала шмат прыказак і прыпевак, у якой бацьку дзіцяці называлі кавалём:
Паздароў, Божа, каваля, што скаваў нам дзіця.
А ці ў ручкі не хукаў, а ці молатам не стукаў,
А ў мяккіх падушках, а пад цёплай дзяружкай,
Без молата, без кавадла, а паглядзіш — дзіця ладна.
Чытайце таксама:
- Абярэгі нашых продкаў: як пужалі нячысцікаў агнём і жалезам
- Беларускі народны сэкс: што хавае наш эратычны фальклор