МІНСК, 13 ліс - Sputnik. Развітанне з кампазітарам Ігарам Лучанком пройдзе ў сераду, 14 лістапада, у сталічным Доме афіцэраў, паведаміў Sputnik спявак Уладзімір Правалінскі.
Народны артыст СССР кампазітар Ігар Лучанок памёр вечарам у панядзелак на 81-м годзе жыцця.
Як паведаміў Sputnik блізкі сябар кампазітара спявак Уладзімір Правалінскі, развітанне з Лучанком пройдзе з 11:00 да 14:00 у сталічным Доме афіцэраў.
Пахаваюць кампазітара Ігара Лучанка на Маскоўскіх могілках сталіцы.
Лучанок нарадзіўся 6 жніўня 1938 года ў Мінску, у беларускай сталіцы атрымаў музычную адукацыю. Затым ён стажыраваўся ў Ленінградзе і Маскве, выкладаў у розных музычных навучальных установах Беларусі, быў рэктарам Беларускай кансерваторыі.
Творы Лучанка выконвалі аркестр Міхаіла Фінберга, ансамблі "Песняры", "Сябры" і "Верасы", Іосіф Кабзон, Сафія Ратару, Валянціна Талкунова, Леў Лешчанка, Віктар Вуячыч і іншыя. Ён быў аўтарам такіх хітоў, як "Алеся", "Майскі вальс", "Мой родны кут", "Полька беларуская", "Жураўлі на Палессе ляцяць".