Казка і быль Трактарнага пасёлка: парфенон, паціа і трохі Гаваны

Вокны скульптара Марыны Капілавай выходзяць на рэшткі фантана з мядзведзямі ў Трактарным пасёлку. Мастачка правяла ў гэтым раёне дзяцінства і праз шмат гадоў зноў вярнулася сюды.
Sputnik

Трактарны пасёлак задумваўся як ідэальны горад, у якім усе будуць шчаслівыя. Шчасце было простым - праца, дом, крамы і цэнтры вольнага часу. Яшчэ некалькі гадоў таму на гэтым месцы людзі жылі ў зямлянках. І тое жыццё, якое для іх пабудавалі, здавалася казачным.

А камусьці казка ў пасёлку бачылася таму, што тут прайшло дзяцінства - час, калі яшчэ не паспела здарыцца нічога дрэннага. Скульптар і графік Марына Капілава распавяла карэспандэнтам Sputnik сваю казку Трактарнага пасёлка, у якім правяла дзяцінства.

Казка і быль Трактарнага пасёлка: парфенон, паціа і трохі Гаваны

Пруст і соевыя цукеркі

"Часам баішся, што выйдзеш за дзверы, вернешся - а ў цябе дома няма. Як фокусы, у якіх абрус з-пад носа выдралі, затым - палавік з-пад ног. А потым і ўсё жыццё. Цяпер Год малой радзімы, і ўсё пра яе гавораць. Вось мая малая радзіма. У мяне іншай няма. І яна самая лепшая, бо раз я зрабіла такі круг па горадзе - пажыла і каля вакзала, і ў Вяснянцы і вярнулася сюды - значыць, гэта не выпадкова", - распавядае Марына, якая нядаўна вярнулася ў раён свайго дзяцінства.

У Трактарным пасёлку дзядулі пасля вайны далі кватэру. Тут яны з бабуляй і пасяліліся. Потым з'явілася мама Марыны Капілавай, потым у мамы з'явіўся тата.

Казка і быль Трактарнага пасёлка: парфенон, паціа і трохі Гаваны

"А потым нарадзілася я", - распавядае Марына і нават паказвае радзільню, з якой пачалося яе жыццё на Трактарным заводзе.

Асмалоўка: відэашпацыр па ціхаму Мінску

І зараз яна памятае нумар тэлефона, па якім можна было датэлефанавацца ў кватэру яе дзяцінства: 4-10-26. Побач ёсць кветнік, які мастачка кліча чахлым і мае на гэта права - сама яго пасадзіла. Цяпер яна жыве ў іншым доме, у двары якога раней гуляла з сябрамі.

"Там, дзе зараз цагляны мур, раней быў парадны пад'езд. Калі мы былі маленькімі, бегалі праз пад'езд наскрозь - скрозь парадную да чорных дзвярэй. А гэтыя прыступкі я да гэтага часу вельмі люблю. У Мінску засталося мала старых месцаў, але менавіта за гэтымі старымі прыступкамі пачынаецца іншае вымярэнне. А знікнуць прыступкі, і яно зачыніцца. Не знікне, проста ўваход туды будзе зачынены", - распавядае Марына, праводзячы для нас экскурсію па Трактарнаму пасёлку, і праз гэтыя прыступкі тлумачыць важнасць усяго раёна.

Казка і быль Трактарнага пасёлка: парфенон, паціа і трохі Гаваны

Знікне Трактарны - зачыніцца дарога да эпохі. У двары дома Марыны стаіць скульптура двух мішак, якую адстаялі мясцовыя жыхары.

"Раней гэта быў фантан, але калі прыйшоў новы домакіраўнік, яго зраўнялі з зямлёй. Жыхары запатрабавалі мішак вярнуць. Іх не паспелі разбіць, яны вельмі моцныя, так што мішак вярнулі на месца. Шчыра кажучы, з мастацкага пункту гледжання ў іх няма нічога асаблівага, гэта проста знак часу. Такія мішкі стаялі па ўсім Савецкім Саюзе. Яны былі бела-шэрыя, потым залацістыя, потым серабрыстыя, цяпер вось такія. Для мяне гэтыя мішкі - дзяцінства. Яны жудасныя, але без іх нельга, інакш рвецца тканіна жыцця", - тлумачыць Марына.

Казка і быль Трактарнага пасёлка: парфенон, паціа і трохі Гаваны

Калі Марына гуляе па вуліцы Карла Маркса, дзе раней былі двары са скразнымі праходамі, ёй здаецца, быццам з памяці вымаюць фрагменты. Калі яна гуляе па Трактарнаму заводу, фрагменты вяртаюцца на месца. Вось універсам, дзе яна купляла смачныя соевыя цукеркі. Ніхто не пытаўся, якая цана кілаграма, куплялі ў кулёчку, чатыры цукеркі за 59 капеек. А вось школа - пасярод была велізарная клумба, якая вельмі абцяжарвала жыццё, калі ты спазняўся на ўрок. Не было б клумбы, паспеў бы дабегчы, пакуль звініць званок.

Казка і быль Трактарнага пасёлка: парфенон, паціа і трохі Гаваны

"Вы ж памятаеце Пруста? "У пошуках страчанага часу"? Усё на гэтым трымаецца - ты прыйшоў у пэўнае месца, і да цябе вярнуўся фрагмент, які інакш не ўспомніць. Калі я вярнулася сюды, было адчуванне, што з мяне зрэзалі гадоў трыццаць", - кажа Марына і вядзе нас далей - да Парфенона.

Серабрыстая дзяўчынка і белы палац

Парфенонам Марына кліча трансфарматарную будку з прыгожымі антычнымі формамі, а шмат гадоў таму дзеці клікалі яе палацам.

"Фатаграфавацца з ім я не буду, трэба быць маленькай, каб было відаць, што гэта палац. Вунь там выкладваліся місачкі, накрывалі сталы. Я звычайна была прынцам, у мяне ж была кароткая стрыжка", - успамінае мастачка.

Казка і быль Трактарнага пасёлка: парфенон, паціа і трохі Гаваны

Трэба быць маленькім і для таго, каб убачыць зачараванне мясцовых фантанаў, якія цяпер засталіся толькі ў памяці і на старых фотаздымках.

"Усе п'юць, ядуць на газетах, выкідваюць у акно смецце - і ўсюды былі фантаны. І так у кожным двары. Там быў фантан з рыбкамі - яшчэ адзін маленькі рай. Калі паспець дабегчы, можна ўлезці на рыбку, заціснуць брую вады і паліваць ёю сяброў, пакуль не сцямнее. А яшчэ бруямі фантана можна караблікі ганяць, чый далей даплыве", - успамінае Марына.

Казка і быль Трактарнага пасёлка: парфенон, паціа і трохі Гаваны

Недалёка стаіць савецкая скульптура дзяўчынкі. Калісьці яна была высакароднага бела-шэрага колеру - цэмент з дробкай. Цяпер, праўда, ёй нафарбавалі вусны і падвялі вочы.

Побач домік з акенцамі, кожнае з якіх размешчана на розным узроўні.

Казка і быль Трактарнага пасёлка: парфенон, паціа і трохі Гаваны

"А тут былі агароджы - маленькая рашотка з трактарамі. Раней такім канструктарам быў агароджаны ўвесь раён. Да яго можна было прывязваць сабак, а дзеці любілі цераз яго скакаць. Да майскіх святаў іх заўсёды пакрывалі срэбнай фарбай, і ёсць адно месца, дзе трактары захаваліся. Я так баюся, што і гэтага не застанецца, што змагаюся з жаданнем скрасці кавалачак гэтай агароджы", - кажа Марына.

Яна паказвае дом, які падобны на карабель, і дом, у якім ёсць амаль іспанскае паціа, і яшчэ шмат дамоў, якія жыхары ўпрыгожвалі з кранальным клопатам.

Казка і быль Трактарнага пасёлка: парфенон, паціа і трохі Гаваны

"Вы паглядзіце - людзям было не ўсё роўна, што ў іх будзе на пад'ездзе. Яны арачку зрабілі, брыль. Або вось - шасцікутнае акенца, ну дзе яшчэ такое можна ўбачыць? Гэта так кранальна, гэтага так не хапае", - кажа мастачка.

Частку трактарнага пасёлка ў Мінску ўсё ж захаваюць

Марына падводзіць да дарогі, па іншы бок якой стаяць ужо зусім іншыя дамы, і тут жа кажа: "Хадзем адсюль". І мы вяртаемся ва ўтульнасць Трактарнага пасёлка.

"Я стала радзей тут шпацыраваць, баюся, што ўсё гэта стане звыклым. Раёну ўжо нанесены незаменны ўрон. У канцы вуліцы быў чароўны фрагмент забудовы, і яго знеслі. Там і лістоўніца расла, і дзіцячы сад стаяў, які ў рэшце рэшт бульдозер зраўняў з зямлёй. Цэлы ўчастак выгрызлі. І з-за гэтага дамы, якія стаяць насупраць, страцілі палову свайго абаяння. Яны ж адзін аднаго падтрымлівалі, гэта тое самае, што вырваць ніжнія зубы, тады і верхнія пасыплюцца", - Марына падводзіць нас да пустцы.

Казка і быль Трактарнага пасёлка: парфенон, паціа і трохі Гаваны

Але перш Трактарны быў мікрараёнам мары. Людзі, якія працавалі на заводзе, маглі жыць непадалёк, тут былі і крамы, і цэнтры вольнага часу, і школы.

"Даміно на вуліцы, якая-небудзь красуня ў акне цэлымі днямі, таму што яна не працуе, а дзяцей глядзіць. Потым: "Маша, кушать!" Бацькі сядзяць з цыгарэтамі ў майках расцягнутых. Жыві і радуйся, так яго і праектавалі - як горад сонца".

Калі мастачка разам з сяброўкай выбралася паздымаць прыгожыя месцы Мінска, на розум прыйшоў Трактарны пасёлак.

Казка і быль Трактарнага пасёлка: парфенон, паціа і трохі Гаваны

"Было цудоўнае адчуванне - мы ці то ў Італіі, ці то ў Гаване. Прыгожа, пампезна - неверагодна! Тады я падумала: а добра было б тут калі-небудзь зноў пажыць. І калі мне прапанавалі тут дом, я нават не разважала, нічога больш не глядзела", - кажа яна.

Але падабаецца тут не толькі самой Марыне, але і замежным гасцям. Два маладыя немцы, якія прыязджалі да яе ў госці, угаворвалі адвесці іх туды, дзе можна купіць семак, і гэтыя семечкі падабаліся ім ледзь не больш за сталінскі ампір.

"Калі тут для турыстаў не будуць усё вылізваць, тады ім спадабаецца. Ім падабаецца тое, чаго ў іх няма, нешта жывое. Паглядзіце, якая сцяна. Мы ж едзем у Італію глядзець на такія сцены, а навошта ехаць у Італію, калі можна прыехаць сюды і глядзець на іх", - паказвае Марына на адзін з дамоў.

Мясцовыя жыхары раён любяць, але не любяць свае кватэры, упэўненая мастачка.

Казка і быль Трактарнага пасёлка: парфенон, паціа і трохі Гаваны

"Часам пачынаеш фатаграфаваць, адразу хто-небудзь пытае - а вы журналісты? Сфатаграфуйце тут, як усё цячэ. А мы фатаграфуем для прыгажосці, для памяці. Вельмі нешматлікія з тых, хто жыве ў гэтых дамах, хацелі б тут застацца. Хтосьці хоча цудаў - каб дом зламалі, на гэтым месцы выбудавалі новы і далі ў ім кватэру. Прачнуцца ў новай кватэры і зноў пачаць гадзіць пад сябе. Але хочаце жыць добра - зрабіце што-небудзь. Жыццё цяжкае, вядома, хочацца разбегчыся, але гэтай філасофіі - пасля нас хоць патоп - я не разумею", - кажа яна.

Казка і быль Трактарнага пасёлка: парфенон, паціа і трохі Гаваны

На экскурсію ў лістападзе Марына пагадзілася не проста так - яна гатовая паказаць усе самыя прыгожыя месцы пасёлка, толькі б мясцовыя ўлады таксама ўбачылі ў ім Італію і Гавану.

"Шмат што ўжо знеслі. Напрыклад, скульптуру футбалістаў, якія былі на бульвары Трактарабудаўнікоў. На некаторых дамах былі вазы, засталіся ад іх толькі сляды, цені ваз. Але як можна знесці "дом з русалкамі"? Гэта ж сапраўдны палац, сорак восьмы год - дзе яшчэ ў нас такое можна знайсці? Горад становіцца падобны на здымную кватэру - пераседзець, а не жыць. Знікае інтымнае. Будуюць гэтых вырадкаў, гэтыя флаконы, якія называюць дамамі. А тут ёсць архітэктурны ансамбль. можна пабудаваць асобны прыгожы дом, але складаней стварыць ансамбль. Вось мая малая радзіма. У мяне іншай няма", - кажа мастачка.