Снежань зямлю грудзіць, хаты студзіць, год канчае, зіму пачынае

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра гісторыю і традыцыі Увядзення і вучыць гатаваць смачныя стравы з гарбузоў.
Sputnik

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

У пачатку месяца Праваслаўная царква адзначае Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы. Гэта хрысціянскае свята, заснаванае на позніх апокрыфах, распавядае аб тым, як бацькі Божай Маці святы Іаакім і святая Ганна, выконваючы зарок прысвяціць сваё дзіця Богу, у трохгадовым узросце прывялі сваю дачку Марыю ў Іерусалімскі храм, пры якім яна жыла 12 гадоў да сваіх заручын з праведным Іосіфам.

Марыйчына дзівоснае дзяцінства

Аб маленстве Дзевы Марыі амаль нічога не вядома. Але нават і тое, што можна прачытаць аб тым далёкім часе, апавядае аб мностве дзіўных падзей. Дзіва тое, што немаладая бяздзетная пара вымаліла ў Бога дзіця. Усяго 3 гады цешыліся бацькі дачушкай, і вось надышоў час, калі яны прывялі Марыю да храма, паставілі на першую прыступку і адпусцілі. А дзяўчынка, не азіраючыся на блізкіх, хуценька ўскараскалася ажно да пятнаццатай, чым моцна здзівіла прысутных.
Праваслаўныя 4 снежня святкуюць Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы
Далей яна ўзяла за руку добрага Захарыю, які быў першасвятаром у Іерусалімскім храме, і той адвёў яе адразу ў алтар, дзе Марыя практычна пасялілася. У храме яна жыве па строгім распарадку: моліцца, вучыцца чытаць і пісаць, займаецца рукадзеллем і… размаўляе з анёламі. Аднойчы Захарыя заўважыў, што нехта прыносіць ёй есці, і быў моцна здзіўлены, паколькі пабачыў кагосьці незвычайнага з выгляду. Незнаёмец размаўляў з Дзеваю і падаваў ёй ежу - гэта быў архангел Гаўрыіл. На тое Захарыя ўзрушана заўважыў: "Што гэта за новая і незвычайная з’ява!"
Далей быў яшчэ не адзін цуд. Маці Божая, сама не ведаючы таго, з самага свайго нараджэння атрымлівае ласку ў вачах Творцы свету. Ёй наканавана стаць той, хто народзіць Збаўцу ўсяго чалавецтва ад граху, смерці, праклёну. І момант Увядзення ў храм з’яўляецца прадвесцем гэтай вялікай справы. У Еўропе свята адзначаюць з другой паловы XIV стагоддзя, хоць пачатак яго святкавання ляжыць у глыбокай старажытнасці. Божай Маці прысвечана шмат узнёслых радкоў, яе асоба хвалюе мастакоў, паэтаў, проста вернікаў і дагэтуль.
Вернікі ў гэты дзень прамаўляюць:
"Чистейший храм Спасителя, многоценный чертог и Дева, священное сокровище славы Божией, в сей день вводится в дом Господень, вводя благодать с собою, ту, что в Духе Божественном. Её воспевают Ангелы Божии; Она — скиния Небесная". (Кандак на ўвядзенне ў Храм Прасвятой Багародзіцы, глас 4)

Народная метэаралогія

Назву афіцыйнага свята праваслаўнай царквы народ тлумачыў па-свойму: Бог прыводзіць зіму на зямлю. Дарэчы, пасля свята прадугледжвалася магчымае пацяпленне: "Уведзенне разбіваець ледзенне". Па снежні, як лічылі ў народзе, раўняліся вясна і лета. Казалі, што калі снежань сухі – і яны будуць сухія, а выдасца цёплы, дык і лета такое ж.
"У снежні адкрытае вуха – летам горача і суха".
Менавіта такое надвор’е неабходна, каб вырасціць добры ўраджай гарбузоў. З гарбуза гатуюць нямала розных страў. Іх пякуць, смажаць, вараць кашы з рознымі крупамі. У Брэсцкай вобласці гарбузы запякаюць у печы цэлымі, фаршыруюць іх ягадамі чарніц, сухафруктамі, крупамі, дадаюць малако.

Гарбуз з сухафруктамі запечаны цэлы

Трэба выбраць спелы гарбуз сярэдніх памераў і ўзяць пару жмень сумесі сухафруктаў.
Спосаб прыгатавання: спелы гарбуз сярэдняга памеру памыць, адрэзаць шляпку з хвосцікам так, каб атрымалася каструлька з крышкай. Дастаць з сярэдзіны гарбузікі і добра выскрэбсці лыжкай сценкі. Загадзя замочаныя сухафрукты дробна насячы разам з мякаццю гарбуза, дадаць цукар па смаку і ўсё добра перамяшаць, заправіць у гарбуз. Накласці зверху гарбуза шляпку і акуратна прыціснуць, паставіць гарбуз у глыбокую патэльню і запякаць у печы прыкладна паўтары гадзіны. Чаз запякання залежыць ад велічыні гарбуза. У духоўцы гарбуз запякаюць пры тэмпературы сто дзевяноста градусаў крыху больш за дзве гадзіны.

Суп з гарбуза

Абабраць гарбуз, выняць мякаць і семкі, пакрышыць на дробныя кубікі, заліць вадой так, каб яна толькі пакрывала яго зверху, і адварыць да мяккасці. Працерці гарбузовую масу праз густое сіта, а яшчэ лепей скарыстацца міксерам ці блэндэрам. Пакуль гарбуз варыцца, парэзаць кубікамі булку і абсмажыць яе на алеі без водару, пільна сочачы пры гэтым, каб грэначкі не падгарэлі. Наліць густы суп-пюрэ ў талеркі і пакласці туды перад падачай па жменьцы грэнак. 
Гэты суп таксама можна зрабіць салёным, дадаць зярняткі кмену і заправіць яго грэнкамі з чорнага хлеба.
Калі скончыцца пост, то найсмачнейшы варыянт гэтага супчыка з малаком або вяршкамі, а грэнкі лепш смажыць на вяршковым масле.