МІНСК, 5 сне - Sputnik. Біятланістка Ірына Кручынкіна, якая атрымала беларускі пашпарт, зможа годна прадставіць Беларусь на этапах Кубка свету, заявіла алімпійская чэмпіёнка Надзея Скардзіна.
На першым этапе Кубка IBU Кручынкіна, якая упершыню бегла за Беларусь, выйграла спрынтарскую гонку.
Нагадаем, у кастрычніку Расійскі саюз біятланістаў дазволіў Кручынкінай і яшчэ чатыром спартсменам выступаць пад беларускім сцягам.
"Мы бачылі барацьбу, добрыя вынікі. Я думаю, што яна зможа ўліцца ў нашу каманду на этапах КМ. Зможа дапамагаць, зможа годна прадстаўляць нашу каманду. Я думаю, ёй гэта не будзе складана", - сказала Скардзіна у інтэрв'ю Sputnik.
Скардзіна прывяла прыклад, калі ў мінулым годзе беларускія біятланісткі ўдала выступалі на Кубку IBU, яны прыязджалі ў нацыянальную зборную, і ў іх атрымлівалася годна прадстаўляць каманду на Кубку свету.
"Я буду толькі рада, калі ў гэтых дзяўчынак - Ірыны і Алены Кручынкіных, Ірыны Касцючэнка - усё атрымаецца. Усё магчыма. Гэта залежыць ад спартсменаў і іх матывацыі, трэнераў і сервісмэнаў. Калі з лыжамі будзе ўсё ў парадку, мы зможам дастойна выступаць і змагацца. Я спадзяюся, што будзе шмат цікавых гонак на этапах КМ", - сказала Скардзіна.
Першы этап Кубка свету стартаваў у Паклюцы (Славенія) 2 снежня. Сёння пройдзе мужчынская індывідуальная гонка, заўтра - жаночая.