Беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч разам з гуртом РСП прэзентавалі новую калядную песню на вершы Уладзіміра Някляева. Атмасферная кампазіцыя атрымала назву "Валёначак святога Мікалая".
"Кожны год мы з паэтам Уладзімірам Някляевым робім музычны падарунак нашым слухачам у выглядзе каляднай песні. Гэтам годам мне падалося, што яна павінна прагучаць з такімі партугальскімі ці кубінскімі матывамі, у стыле фа́ду, сальсы. Таксама захацелася сумясціць сваю сур’ёзнасць з троху гумарыстычным вобразам гурта РСП, з чаго атрымаўся такі дуэт", - распавёў Зміцер.
Рэжысёрам кліпа выступіў Сяргей Торбік.
Прэзентацыя кліпа і песні адбылася напярэдадні святочнага канцэрта Зміцера Вайцюшкевіча, які адбудзецца 7 студзеня ў мінскім Палацы культуры імя Шарко.
Канцэрт пад назвай "На Каляды" працягне традыцыю святочных лірычных імпрэз для ўсёй сям’і. У першым адзяленні прагучаць тэматычныя святочныя кампазіцыі, у другім – найлепшыя песні з розных альбомаў. На змест другога адзялення можа паўплываць кожны слухач, пакінуўшы заяўкі ў сацыяльных сетках спевака.