Нацыянальны мастацкі музей святкуе юбілей

Менавіта ў гэты дзень, але восемдзесят гадоў таму ў Мінску з’явілася Дзяржаўная карцінная галерэя.
Sputnik

МІНСК, 24 сту - Sputnik. Сёння васьмідзесяцігадовы юбілей адзначае Нацыянальны мастацкі музей Беларусі – найбуйнейшы ў краіне збор твораў айчыннага і замежнага мастацтва.

Ад аддзела прамысловасці да "музейнага квартала"

Гісторыя музея пачалася 24 студзеня 1939 года і на пачатку гэта была Дзяржаўная карцінная галерэя. Першапачаткова, акрамя аддзелаў жывапісу і скульптуры тут быў аддзел мастацкай прамысловасці. Даваенны перыяд работы музея звязаны з імем дырэктара Мікалая Міхалапа.

Пракапцоў у 65-гадовы юбілей: лічу, што маладзею

У часы вайны вялікая колькасць збору, які тады налічваў каля трох тысяч твораў мастацтва, была знішчаная. Калекцыю рыхтавалі да эвакуацыі, але не паспелі вывезці. Самыя лепшыя здабыткі беларускага музея адправіліся ў рэйх і Кёнінсберг. Пасля вайны вярнулася толькі невялікая частка з іх.

Перыяд пасляваеннага Рэнесансу ў жыцці музея звязаны з імем дырэктаркі Алены Аладавай. Дзякуючы яе энергіі ў 1946 годзе ў калекцыі было ўжо 317 твораў мастацтва. Менавіта Алена Васільеўна атрымала дазвол на будаўніцтва новага музея, які адчыніўся на вуліцы Леніна 5 лістапада 1957 года.

Цяперашні дырэктар музея – Уладзімір Пракапцоў узначаліў Мастацкі ў 1998 годзе. Ён рэалізаваў вялікую колькасць беларускіх і міжнародных праектаў, актыўна працуе з філіяламі і кіруе стварэннем першага мінскага "музейнага квартала".

Як будзем святкаваць?

Мерапрыемствы з нагоды юбілею будуць праходзіць ў Нацыянальным мастацкім музеі напряцягу ўсяго года, але ўрачыстая цырымонія запланаваная на лістапад. Па словах Уладзіміра Пракапцова, гэта дазволіць не проста адсвяткаваць, а "падвесці вынікі працы за год".

Мастацкі музей падрыхтаваў да юбілею свой гімн

Святкаваць плануецца на сцэне Купалаўскага тэатра, дзе таксама будзе прэзентаваны адмысловы штандарт і сцяг музея.

Да юбілею Нацыянальны мастацкі музей падрыхтаваў свой гімн – упершыню ён прагучыць на святочных мерапрыемтсвах 24 студзеня. Прэм’ера адбудзецца ў выкананні лаурэата міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў канцэртнага хора Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі пад кіраўніцтвам Аляксея Снітко.

Юбілейныя мерапрыемствы будуць праходзіць ва ўстанове напрацягу ўсяго года. Акрамя шматлікіх выстаў, прэзентацый і лекцый, на сакавік запланаваная Міжнародная канферэнцыя рэстаўратараў, дзе плануецца абмеркаваць стан рэстаўрацыйнай галіны Беларусі.

Але галоўны план на гэты год – скончыць будаўніцтва новага будынка "музейнага квартала". Яго, па словах Уладзіміра Пракапцова, адкрыюць для наведвальнікаў ужо ў гэтым годзе . Акрамя выставачных залаў для часовых экспазіцый, у будынку на вуліцы Карла Маркса будзе кіёск з сувенірамі і адмысловае арт-кафэ, дзе госці змогуць пакаштаваць беларуска-еўрапейскую кухню.