Каталікі адзначаюць свята Ахвяравання Пана 2 лютага. У літургіі ў гэты дзень успамінаецца прынясенне Дзіцятка Ісуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законамі Старога Запавету. Іншая назва свята - свята Маці Божай Грамнічнай, або Грамніцы. Такая назва паходзіць ад традыцыі запальваць свечкі, якія асвячаюць ў гэты дзень, падчас навальніц, і маліцца, каб Маці Божая выратавала ад буйства стыхіі.
Грамнічныя свечкі рыхтавалі загадзя, збіралі воск і рабілі іх у апошнюю перад святам суботу. Памер грамнічнай свечкі значна большы, чым звычайнай царкоўнай. Пасля асвячэння свечку тушылі пераварочваннем кнота ўніз і хавалі за пазуху.
Пасля вяртання дадому свечку даставалі і запальвалі і хрысцілі ёю ўсіх, хто жыве ў доме. Пасля свечку хавалі за бажніцу або ў куфар.
Грамнічнымі свечкамі такама карысталіся ў вясельных і пахавальных абрадах, запальвалі іх на буйныя святы - Дзяды, Каляды, Вадохрышча, Вялікдзень, Купалле.
Яшчэ адна назва гэтага царкоўнага свята – Стрэчанне, таму што ў дзень, калі Марыя і Іосіф прынеслі дзіця ў храм, Збаўца ўпершыню сустрэўся са сваім народам. У Евангеллі сказана, што першымі людзьмі, якія сустрэлі Ісуса і пазналі ў маленькім дзіцяці Збаўцу, былі прарок Сімяон і старая ўдава Ганна.Менавіта Сімяон распавёў Марыі пра Яе ролю ў адкупляльнай справе Хрыста, і сказаў, што "меч пройдзе праз Яе душу". У той час, калі Маці божая стаяла каля крыжа, яна падзяліла пакуты Ісуса за збаўленне свету.
У свята Ахвяравання Пана ва ўсіх касцёлах Беларусі праходзяць святочныя набажэнствы. На пачатку святой Імшы праходзяць працэсіі са свечкамі і спяваецца песня Сімяона.