МІНСК, 6 лют - Sputnik. Асабістыя рэчы беларускага пісьменніка Васіля Быкава з зачыненага музея, які існаваў пры грамадскім аб’яднанні ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл, будуць захоўвацца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі.
Як паведамляецца на сайце ўстановы, зараз навуковыя супрацоўнікі афармляюць дакументы на перадачу прадметаў – некалькі асадак, нож для паперы, кававарка, дарожная сумка, дыпламат, пішучая машынка, а таксама некаторая вопратка, у тым ліку, кіцель, гальштук, кашнэ і іншыя.
Асадка і нож Васіля Быкава
© Photo : Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей
Акрамя таго, фонды музея папоўняцца арыгінальнымі фотаздымкамі народнага пісьменніка, на якіх Васіль Быкаў каля Нёмана, на Замкавай гары, на вуліцах горада, дзе ён пражыў 25 гадоў.
Куртка Васіля Быкава
© Photo : Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей
Калекцыя Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея таксама папоўніцца выданнямі твораў Васіля Быкава і іх перакладамі на розныя мовы свету з аўтографамі самаго Быкава і вядомых беларускіх і замежных аўтараў.
Сярод дакументаў – візітоўкі, лісты, тэлеграмы і віншавальныя паштоўкі. Адзін з найкаштоўнейшых набыткаў - аркушы рукапісу аповесці "Сотнікаў" з праўкамі Васіля Быкава. Усе прадметы ў свой час былі перададзены грамадскаму музею Васіля Быкава ад родных і знаёмых народнага пісьменніка.
Як пісалі СМІ, грамадскі музей пры аб'яднанні ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл быў зачынены з-за адсутнасці спонсараў і фінансавання.