Зборная Беларусі па фрыстайле стала чацвёртай у камандным турніры на ЧС

Першае месца на спаборніцтвах у ЗША занялі лыжныя акрабаты са Швейцарыі, другой стала каманда з Кітая, а бронзу заваявалі расійскія фрыстайлісты.
Sputnik

МІНСК, 8 лют - Sputnik. Беларускія фрыстайлісты занялі чацвёртае месца ў камандным турніры на чэмпіянаце свету ў амерыканскім Дыр-Вэлі, паведамляе Sputnik.

Беларуская фрыстайлістка Раманоўская атрымала золата ЧС

У складзе зборнай Беларусі ў Дыр-Вэлі выступіла чэмпіёнка свету ў індывідуальных спаборніцтвах Аляксандра Раманоўская, алімпійскі чэмпіён 2014 года Антон Кушнір і бронзавы медаліст ЧС-2015 Максім Гусцік.

Па выніках першага раўнда беларускія фрыстайлісты набралі 273,94 бала, выступ у другім раўндзе стаў для іх не такім удалым: яны атрымалі ад суддзяў 272,15 бала.

Чэмпіёнамі ў камандным турніры сталі фрыстайлісты са Швейцарыі, у суме яны набралі 303,08 бала. Другое месца заняла зборная Кітая - спартсмены з гэтай краіны атрымалі 297,82 бала. Бронзавыя медалі заваявалі лыжныя акрабаты з Расіі, зарабіўшы 296,74 бала.