МІНСК, 11 лют - Sputnik. Валянціна Іванаўна Рыбцова жыве ў вёсцы Лынтупы, што на Пастаўшчыне, амаль усё жыццё – у 1922 годзе яе бацька, паранены падчас Першай сусветнай вайны, вырашыў вярнуцца на сваю малую радзіму і застаўся тут назаўсёды.
8 лютага Вялінціна Іванаўна адзначыла стогадовы юбілей. З гэтай нагоды да яе завітаў карэспандэнт Sputnik.
"Ружовая мара – працаваць у Вільні"
Маленькая Валя з’явілася на свет ва ўкраінскім горадзе Славінску, а праз некалькі год прыехала на Лынтупшчыну. Тут скончыла сем класаў польскай школы і вельмі хацела паехаць папрацаваць у Вільню. Кажа, што гэта было сапраўды яе ружовай марай, але бацька не дазволіў.
Стогадовая жыхарка Лынтупаў
© Sputnik / Альфрэд Мікус
"Рабі пільна, і тут табе будзе Вільня!" - яго строгія словы жанчына памятае дагэтуль.
Валянціна Іванаўна засталася жыць на Лынтупшчыне, дапамагала гадаваць брата і дзвюх сясцёр. Пазней скончыла настаўніцкія курсы і выкладала рускую і польскую мову ў Вайшкунах, Пешкаўцах ды іншых вёсках. Нават падчас вайны не спыняла сваёй працы.
"Мужа сасваталі знаёмыя"
Менавіта ў школе яна ўбачыла ўпершыню свайго будучага мужа, якога пасваталі знаёмыя.
Стогадовая жыхарка Лынтупаў
© Sputnik / Альфрэд Мікус
"Памятаю, прывялі мне Івана на пераменку, - успамінае жанчына. – Паглядзела – дык хлопчык ён зусім, на сем гадоў быў маладзейшы! Толкам не пагаварылі – празвінеў званок на ўрок, і я пабегла. Распісаліся праз тры тыдні. Ні пра якія доўгія спатканні і рэчы не ішло — трэба было думаць, як сумесна супрацьстаяць шматлікім цяжкасцям. Разам пражылі 64 гады".
Жылі, працавалі, гадавалі дзяцей. Дачка зараз жыве ў Літве, сын – у Расіі. Выраслі і ўнукі – аднаму хутка будзе 50 гадоў, дарослыя і праўнукі.
"Нават прапраўнучка на падыходзе", – усміхаецца жанчына.
За сто год – тры разы ў бальніцы
Ідэальным здароўем Валянціна Іванаўна пахваліцца не можа – то адно непакоіць, то другое, але за ўсё жыццё ў бальніцы была толькі тры разы.
"Двойчы, як дзяцей нараджала, і аднойчы на аперацыі была", — празнаецца юбілярша.
Стогадовая жыхарка Лынтупаў
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Розум узросту не паддаўся: ва ўсіх падрабязнасцях стогадовая жыхарка Лынтупаў можа распавесці пра кожны перыяд свайго няпростага жыцця.
З роднай хаты пераязджаць Валянціна Іванаўна не думае — толькі тут адчувае сябе спакойна і ўтульна. Справіцца з хатнімі справамі дапамагае мясцовая сацыяльная служба.
Стогадовая жыхарка Лынтупаў
© Sputnik / Альфрэд Мікус
На юбілей да Валянціны Іванаўны завіталі родныя і блізкія. Адмысловы падарунак – новы пашпарт, які дзейнічае да 2044 года.
Чытайце таксама: