МІНСК, 14 лют - Sputnik. Профільныя міністэрствы Беларусі і Расіі не могуць прыйсці да кансенсусу па пытанні адмены роўмінгу паміж краінамі, распавёў кіраўнік расійскага міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый РФ Канстанцін Наскоў у кулуарах Расійскага інвестыцыйнага форуму.
Перамовы ідуць больш за паўтара гады. Упершыню ідэя прадметна пачала абмяркоўвацца ў чэрвені 2017 года на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы пасля таго, як кіраўнік Савета Федэрацыі РФ Валянціна Мацвіенка прапанавала адмяніць роўмінг на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы - па аналогіі з практыкай, якая прымяняецца на тэрыторыі Еўрасаюза. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка тады гэтую ідэю падтрымаў. Аднак дамовіцца ў прадстаўнікоў профільных міністэрстваў Беларусі і Расіі пакуль не атрымліваецца.
"Перамовы ідуць няпроста. На жаль, беларускі бок даслаў нам прапановы ў адказ, сур'ёзна адкарэктаваўшы наш план, які вядзе, па нашых ацэнках, да зніжэння коштаў на 25-30%, але не прыводзіць да адмены роўмінгу", - цытуе Наскова агенцтва РІА "Новости".
Расійскі ж бок прапануе не зніжаць кошты, а зрабіць бясплатнымі ўваходныя званкі для абанентаў Беларусі і Расіі на ўсёй тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.
У сувязі з тым, што дамовіцца не атрымліваецца, Мінкомсвязі Расіі, па словах Наскова, гатова ініцыяваць вынясенне перамоваў аб адмене роўмінгу на больш высокі ўзровень - урада ці кіраўніка краіны.
"На міністэрскім узроўні гэта не атрымліваецца", - прызнаўся расійскі міністр.