МІНСК, 21 лют - Sputnik. Міністэрства замежных спраў Беларусі далучылася да флэшмобу з нагоды Дня роднай мовы.
Сёння ў афіцыйным твітэр-акаўнце беларускага знешнепалітычнага ведамства з’явіліся фотаздымкі, дзе супрацоўнікі МЗС трымаюць карткі са сваімі любімымі беларускімі словамі - "каштоўнасць", "натхненне" і "сяброўства" і іншыя.
Былі сярод удзельнікаў і тыя, хто не змог вызначыцца з любімым словам.
"Цяжка вызначыцца з адным словам, калі для мяне любімая ўся мова. Мая родная мова, мая адзіная і любімая", - звярнуўся да беларусаў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас.
Ён пажадаў усім памятаць аб адказнасці перад продкамі за захаванне і шанаванне роднай мовы і заклікаў беларусаў любіць сваё.
Адмысловы флэшмоб запусціў пасол Беларусі ў КНР Кірыл Руды, які на сваёй старонцы ў твітэры апублікаваў відэа, дзе свае любімыя словы паказвалі жыхары Азіі. У іх спісе з’явіліся бульба, зубр і нават пушча.
Чытайце таксама:
- Чобрык ці кубло: адгадайце значэнне беларускіх слоў
- Апытанне Sputnik: ці добра вы ведаеце беларускія прымаўкі?