У бягучым годзе адзін з самых вядомых музычных брэндаў Беларусі, калектыў, які да гэтага часу збірае поўныя залы прыхільнікаў на постсавецкай прасторы, Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры" адзначыць сваё 50-годдзе.
Акрамя выступленняў на беларускіх пляцоўках, у ходзе юбілейнага тура калектыў выступіць у Маскве, Санкт-Пецярбургу і дасць сольны канцэрт у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі Базар".
Госць праграмы "Гарызонт падзей", дырэктар - мастацкі кіраўнік БДА "Песняры" Раман Козыраў распавёў пра некаторыя неспадзеўкі, якія чакаюць гледачоў і прыхільнікаў ансамбля ў юбілейным годзе.
"Сёння мы цалкам занятыя падрыхтоўкай да юбілею, вядуцца перамовы. У перапынках паміж гастролямі, ды і на саміх гастролях мы рэпетуем юбілейную праграму, адначасна вядзем перамовы з артыстамі - удзельнікамі святочных канцэртаў, агаворваем рэпертуар і, вядома, рыхтуем сюрпрызы для гледачоў", - падзяліўся Козыраў.
Кіраўнік ансамбля адзначыў важнасць прысутнасці на сцэне ветэранаў "Песняроў", бо, у першую чаргу, гэта іх юбілей, але хто з артыстаў "залатога" складу ансамбля прыедзе паўдзельнічаць у канцэртах, пакуль застаецца таямніцай і інтрыгай.
Гутарку з дырэктарам - мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" Раманам Козыравым глядзіце на Sputnik Беларусь.