Эратычны абрад на Масленіцу: як хавалі шчадралюбнага дзеда

У Строчыцах аднавілі старажытны абрад, на які не пусцілі дзяцей (але яны ўсё роўна падглядалі).
Sputnik
Старажытны беларускі фальклор вельмі моцна насычаны эратычнымі матывамі, якія павінны паспрыяць урадлівасці і дабрабыту. Адзін з такіх абрадаў аднавілі ў Строчыцах напярэдадні масленічнага тыдня.
Беларускі народны сэкс: што хавае наш эратычны фальклор
Абрад "Пахаванне дзеда" праводзіцца ў першы панядзелак Масленіцы. Перадгісторыя ў яго такая: на заканчэнні мясаеду (час перад Вялікім постам, калі можна есці мяса) дзед памірае, падавіўшыся косткай. Каб пахаваць яго, збіраюцца пажылыя жанчыны са ўсёй аколіцы.
Першапачаткова па вёсцы пускаюць чуткі, што дзед захварэў і запрашаюць яго наведаць. Суседзі і аднавяскоўцы прыходзяць у госці са сваімі пачастункамі. Дзед – лялька памерам з чалавека, якую робяць з тканіны і саломы і апранаюць, - ужо ляжыць у куце пакоя пад абразамі, у шклянцы з соллю гарыць свечка, а побач "галосяць" пажылыя жанчыны. У Строчыцах праводзіць дзеда было столькі жадаючых, што яго прыйшлося палажыць на вуліцы.
Масленіца ў Строчыцах
Пад покрывам ляжыць дзед, зусім не варушыцца, відаць, сапраўды паміраць сабраўся
Пра дзеда ўспамінаюць як пра добрага гаспадара, але пры гэтым - гуляку і прайдзісвета, які меў шмат палюбоўніц і безліч дзяцей. Як паслухаць "галашэнне", так ён і да гэтай бабкі ў госці наведваўся, і да іншай часцяком зазіраў - ледзь не агульны продак усіх прысутных.
Як толькі адчыняюцца дзверы і да дзеда падыходзіць чарговая бабуля, тыя, што сядзяць побач з ложкам, цягнуць за вяровачку і ў дзядулі падымаецца "чэлес" - прывязаная да штаноў морква.
Масленіца ў Строчыцах
Адна з жанчын штурхае за вяровачку і дзед падае прыкметы жыцця
У гэты момант узнікае надзея, што дзед яшчэ жывы, і жанчыны клікаюць да яго доктара. Той робіць уколы, ставіць гарчычнікі, стукае малатком па каленках, - адным словам, робіць усё, каб рэанімаваць дзеда, а той усё роўна ляжыць нежывы – толькі морква тырчыць.
Масленіца ў Строчыцах
Доктар спрабуе "рэаніміраваць" дзеда, але ўсё дарэмна
Усе прыходзяць да высновы, што медыцына ўжо не можа дапамагчы, і клічуць папа. Поп адпявае грэшнага дзеда, махае кадзілам. Кожная з жанчын развітваецца са сваім "палюбоўнікам", расхвальвае яго мужчынскія якасці. Затым мужчыны выносяць дзеда ў двор на сані і вязуць хаваць. Хаваюць дзеда недалёка ад дома - кладуць на зямлю і прысыпаюць снегам.
Масленіца ў Строчыцах
Потым усе госці ідуць у дом на "памінкі", дзе памінаюць дзеда рытуальнымі стравамі і святкуюць Масленіцу.
На развітанне гасцям кажуць, што праз тыдзень павінна і бабка памерці, моцна аслабла, ляжыць і не ходзіць. Падавіцца сырам і памрэ.
Так, усеагульнымі продкамі "дзедам" і "бабай", пачынаюцца і заканчваюцца масленічныя святкаванні.