МІНСК, 27 сак - Sputnik. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы з нагоды Міжнароднага дня тэатра ладзіць шэраг спецыяльных мерапрыемстваў, якія пройдуць з 27 сакавіка па 9 красавіка, паведамілі арганізатары.
Напярэдадні свайго 100-га сезона Купалаўскі тэатр падрыхтаваў шырокую праграму культурна-адукацыйных мерапрыемстваў, якія дапамогуць больш глыбока ўспрымаць тэатральнае мастацтва.
Пачнецца Тыдзень тэатра ў Купалаўскім з творчай сутрэчы з акцёрам Генадзем Аўсяннікавым, які неаднаразова засведчыў змену эпох на сцэне тэатра і змену саміх сцэнаў.
5 красавіка на пляцоўцы прасторы Ок16 у межах фестывалю "Прадмова" адбудзецца размова з Мікалаем Пінігіным пра спектакль "Дзве душы" паводле аповесці Максіма Гарэцкага.
7 красавіка рэжысёр і акцёры спектакля "Радзіва Прудок" застануцца пасля паказа спектакля, каб паразмаўляць з гледачамі на Камернай сцэне.
Асаблівым падарункам для аматараў Купалаўскага тэатра стане чытка новай кнігі Андруся Горвата "Прэм’ера". Рэжысёрам выступіць Раман Падаляка, а тэкст на Камернай сцэне будуць чытаць Святлана Анікей, Дзмітрый Есяневіч і Міхаіл Зуй.