ГРОДНА, 10 кра - Sputnik, Іна Грышук. Дзеці намалююць Перамогу, дарослыя гродзенцы змогуць разам весці зваротны адлік да дня вызвалення Беларусі, станцаваць "Майскі вальс" і паўдзельнічаць у святочных канцэртах. Як у абласным цэнтры будуць адзначаць 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў, распавялі ў Гродзенскім гарвыканкаме.
Намалююць Перамогу
Як паведамілі ў аддзеле ідэалогіі Гродзенскага гарвыканкама, напярэдадні юбілейнай даты ў Гродна пройдзе шэраг святочных акцый, паўдзельнічаць у якіх запрашаюцца ўсе жыхары госці горада. Акцыі і святочныя мерапрыемствы будуць праходзіць з 10 красавіка па 3 ліпеня.
Першай у Гродна стартуе агульнаабласная акцыя "Малюем Перамогу разам", якая пачнецца 10 красавіка. Ва ўсіх населеных пунктах Гродзенскага рэгіёну і абласным цэнтры пройдуць выставы малюнкаў на тэму Перамогі. Работы будуць размешчаны ў вітрынах і вокнах грамадскіх, адміністрацыйных, гандлёвых будынкаў. Усе жадаючыя могуць прыняць удзел і прынесці малюнкі ў аддзел культуры Гродзенскага гарвыканкама да 30 красавіка 2019 года ў кабінет 307.
Зваротны адлік і канцэрты
Каб гродзенцы змаглі па-сапраўднаму адчуць набліжэнне важнага для краіны свята, 20 мая - за 75 дзён да святкавання Дня вызвалення Беларусі - пачнецца адлік зваротнага часу. Ён будзе транслявацца на гарадскіх экранах, а таксама ў СМІ.
"Жыхары і госці горада Гродна маюць магчымасць весці гэты адлік супольна", - адзначылі ў гарвыканкаме.
А з 5 мая па 3 ліпеня перадсвяточную атмасферу ва ўсіх мікрараёнах горада будуць ствараць тэматычныя канцэрты ваенных агітбрыгад.
Вечар без вайны
На 9 Мая ў Гродна запланаваная святочная акцыя пад назвай "У шэсць гадзін вечара пасля вайны".
На плошчы Леніна, а таксама на некалькіх пляцоўках у мікрараёнах адначасова пачнуцца святочныя канцэрты, прысвечаныя Дню Перамогі. Яны пройдуць на пляцоўцы каля адміністрацыі Кастрычніцкага раёна па Гагарына, 18, на тэрыторыях СШ №34 па Індурскай шашы, 14; СШ №7 па вул. Курчатава, 10б; СШ №27 па вул. Ліможа, 47 і на тэрыторыі гімназіі №2 на Болдзіна, 10б. Таксама святочны канцэрт збярэ гараджан каля ратонды на назіральнай пляцоўцы па вуліцы Дарвіна.
Самая прыгожая святочная акцыя - "Вальс Перамогі" - запланавана на 3 ліпеня. У гэты дзень кожны жадаючы зможа станцаваць вальс пад песню "Майскі вальс". Акцыя пройдзе на плошчы Леніна, на пляцоўках гродзенскіх ВНУ, Гродзенскай абласной філармоніі і каля СШ №39 на Альшанцы.