МІНСК, 12 кра - Sputnik. Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк з'явіцца ў Беларусі да 1 студзеня 2021, указ аб яго стварэнні падпісаў у пятніцу прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі Sputnik у прэс-службе беларускага лідара.
Кожны год у тэхнапарку будуць вучыцца каля дзвюх тысяч найбольш адораных дзяцей - вучняў сярэдніх і старэйшых класаў з усёй краіны. Для іх распрацоўваецца разлічаная на 21 дзень праграма. Пасля для дзяцей будуць складаць індывідуальныя планы, навучанне будуць дыстанцыйна суправаджаць выкладчыкі.
"З дзецьмі будуць працаваць высокакваліфікаваныя педагогі, навукоўцы, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, супрацоўнікі навукова-даследчых і прамысловых арганізацый", - адзначылі ў прэс-службе.
Што тычыцца інфраструктуры, то навучанне на месцы будзе праходзіць у вучэбна-лабараторным комплексе, пражываць дзеці будуць у кампусе. Асабліва адзначана, што пражыванне і харчаванне навучэнцаў будзе ажыццяўляцца за кошт дзяржавы.
У прэс-службе падкрэслілі, што стварэнне такога тэхнапарка мае на ўвазе падтрымку адораных дзяцей для развіцця іх здольнасцяў і фарміравання цікавасці да навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Таксама школьнікі змогуць свядома падысці да выбару будучай прафесіі.