Мінпрыроды назвала пластыкавыя кветкі на могілках экалагічнай катастрофай

У ведамстве сцвярджаюць, што яшчэ дзесяць гадоў таму ў краіне не было "такой разбуральнай традыцыі".
Sputnik

МІНСК, 20 кра - Sputnik. Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя заклікала беларусаў адмовіцца ад пластыкавых кветак на могілках, паведамляе Sputnik.

Беларусы традыцыйна, наведваючы могілкі на Радаўніцу, нясуць на магілы пластыкавыя кветкі. У гэтым годзе Радаўніца прыпадае на 7 мая.

Як святкавалі Радаўніцу нашыя продкі

"Набываючы штучныя кветкі, мы, па сутнасці, купляем смецце, якое пасля наносіць шкоду прыродзе, вылучаючы таксічныя рэчывы, забруджваючы глебу, паветра і грунтавыя воды", - гаворыцца ў паведамленні Мінпрыроды.

У ведамстве звярнулі ўвагу, што кожны год пасля святаў на палігоны цвёрдых камунальных адходаў вывозяць каля мільёна пластыкавых кветак.

"Тэрмін іх раскладання - ад ста да пяцісот гадоў. Другаснай апрацоўцы яны не падлягаюць", - заявілі ў Мінпрыроды.

Яшчэ горш, адзначылі суразмоўцы агенцтва, калі людзі спальваюць гэтыя кветкі. Тады ў паветра вылучаюцца цяжкія металы і дыяксіны, якія негатыўна ўплываюць на здароўе.

"Мінпрыроды разам з экалагічнымі грамадскімі аб'яднаннямі заклікае грамадзян Беларусі праявіць экасвядомасць і не несці на могілкі пластыкавыя кветкі!" - заявілі ў ведамстве.

У Мінпрыроды назвалі альтэрнатыву пластыкавым кветкам - жывыя кветкі ў чыгунах, мнагалетнікі, высаджаныя ў грунт, карлікавыя хмызнякі, газонная трава, свечкі, стужкі з тканіны.