МІНСК, 25 кра - Sputnik. Забарона на наведванне лясоў уведзена ў шэрагу рэгіёнаў Мінскай і Гродзенскай абласцей, паведамілі Sputnik у чацвер у Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі.
Так, на Міншчыне забаронена наведваць лес у Валожынскім, Мінскім, Уздзенскім, Старадарожскім, Смалявіцкім, Чэрвеньскім і Бярэзінскім Раёнах. На Гродзеншчыне - у Гродзенскім, Шчучынскім, Мастоўскім, Дзятлаўскім, Бераставіцкім, Ваўкавыскім, Свіслацкім, Зельвенскім, Слонімскім, Навагрудскім і Дзятлаўскім раёнах.
"Увядзенне забароны прадугледжвае поўную адмову ад наведвання лясоў грамадзянамі (у тым ліку для прагулак, адпачынку на прыродзе і гэтак далей), а таксама ўезд транспарту, за выключэннем службовага", - падкрэслілі ў Мінлясгасе.
Ведамства адзначае, што такія меры былі прынятыя ў сувязі з высокім класам пажарнай небяспекі ў большасці раёнаў Беларусі. Пры гэтым у Мінлясгасе дадалі, што забарона часовая, накіравана на бяспеку грамадзян, захаванасць іх маёмасці і ляснога фонду.
Паводле інфармацыі ведамства, з пачатку года на тэрыторыі рэспублікі адбылося 217 лясных пажараў, ахопленая агнём тэрыторыя - больш за 1000 гектараў. Найбольш крытычная сітуацыя - у лясных масівах Брэстчыны, дзе адбылося 106 выпадкаў узгаранняў.