ГОМЕЛЬ, 9 мая - Sputnik. У Гомелі шэсце з партрэтамі салдат Вялікай Айчыннай вайны адбылося ў Дзень Перамогі на галоўнай гарадской вуліцы і стала арганічнай часткай святочнага парада.
На чале калоны рухалася тэхніка, мадэлі якой далі ваенна-гістарычныя клубы горада, чаканілі крок воінскія падраздзяленні. Далей - прадстаўнікі ўлады і грамадскіх арганізацый, працоўныя калектывы і моладзь. Далучыцца да калоны можна было на любым этапе.
На працягу ўсяго шляху удзельнікаў шэсця віталі жыхары і госці Гомеля. Паводле інфармацыі прэс-службы Гомельскага аблвыканкама, разам з гледачамі ў святочным парадзе і акцыі "Беларусь памятае" прынялі ўдзел 25 тысяч чалавек.
Завяршылася шэсце на плошчы Працы каля брацкай магілы савецкіх воінаў і падпольшчыкаў мітынгам, дзе мэр Гомеля Пётр Кірычэнка павіншаваў жыхароў і гасцей горада з 74-й гадавінай Вялікай Перамогі.
Пасля мітынгу ўсіх жадаючых запрасілі агледзець ваенную тэхніку на вуліцы Камунараў і пакаштаваць салдацкай кашы. У цэнтральным парку і скверы імя Грамыкі разгарнуліся тэматычныя выставы і інтэрактыўныя зоны, на летняй сцэне канцэртную праграму прадставілі мясцовыя артысты.
Яркім фіналам Дня Перамогі стане святочны салют. Палюбавацца ім можна будзе а 23-й з чатырох кропак Гомеля, перадае карэспандэнт Sputnik.