Самая вялікая кніжная крама Беларусі "Дом кнігі "Светач" сёння афіцыйна адкрылася пасля рэканструкцыі ў Мінску.
Паводле слоў першага намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Максіма Рыжанкова, гэта месца будзе адной з жамчужын культурнага жыцця нашай сталіцы.
"Кніга заўсёды займала важнае месца ў маім жыцці, а гэтая крама заўсёды была адной з самых любімых. Калі перачытаў усю хатнюю бібліятэку, прыходзіў сюды, не заўсёды нешта купіць, часам нават проста пачытаць. Я рады рэінкарнацыі гэтай крамы ў сучасным стылі. Пераўтварэнне дае новыя магчымасці чытачу", - падкрэсліў ён.
Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч адзначыў добрую лагістыку крамы, дзякуючы якой кожны чытач зможа знайсці адказы на свае пытанні.
"Гэта падзея носіць асаблівы характар для развіцця айчыннага кніжнага гандлю і паказвае, як будаваць зносіны з сучасным чытачом", - дадаў ён.
Крама адчувальна змянілася не толькі ўнутры, але і звонку. Фасад стаў чорным, зніклі банеры, якімі былі закрытыя вялікія вітрыны.
Яшчэ адна вонкавая змена - два ўваходы. Цяпер патрапіць у краму можна будзе з боку гандлёвага цэнтра і праспекта Пераможцаў.
Крама стала большай, залы - прасторнымі і светлымі. На першым паверсе прама ля ўваходу наведвальнікаў сустракаюць паліцы з беларускай літаратурай і нацыянальнай сімволікай. Таксама тут канцтавары, сувеніры, паштоўкі. На другім паверсе - метадычная, навукова-папулярная літаратура і зона для прэзентацый. Тут будуць праходзіць сустрэчы з пісьменнікамі і іншыя актыўнасці. Злева ад зоны прэзентацый - кафэ, але яно адкрыецца пазней.
Любімыя многімі паліцы з акцыйными кнігамі зніклі, але ў краме запэўнілі, што "гэта на час і хутка яны зноў з'явяцца". На кожным паверсе - асобны інфакіёск. Тут можна будзе даведацца аб наяўнасці канкрэтнай кнігі.
У гонар адкрыцця ўсім наведвальнікам крамы паабяцалі зніжку ў 10%.