Выбітны беларускі паэт Максім Багдановіч памёр 25 мая ва ўзросце 25 гадоў у 1917 годзе, а інфармацыю пра яго пачалі збіраць значна пазней, таму звестак пра гастранамічныя перавагі засталося вельмі мала. Але тое, што вядома, дазваляе меркаваць: да свайго харчавання малады чалавек ставіўся несур'ёзна і нават неахайна.
"Сябры Багдановіча сведчаць аб тым, што да ежы ён ставіўся даволі абыякава, хаця хвароба патрабавала іншага стаўлення. Максім не вельмі сачыў за тым, як прымаць лекі, тое ж тычылася і харчавання", — распавёў загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі.
Лічылася, што добрае харчаванне дапаможа ўмацаваць хворы арганізм і справіцца з сухотамі, але на практыцы гэты сродак быў не вельмі дзейсным. Напрыклад, дзеля прафілактыкі дзяцей Багдановічаў вазілі "на кумыс" у Башкірыю — бацька рабіў ўсё магчымае дзеля захавання здароўя дзяцей, у якіх вельмі рана выявілася хвароба.
Толькі грамадскае харчаванне
Верагодней за ўсё, асноўнымі кропкамі сталавання Багдановіча былі ўстановы грамадскага харчавання. Справа ў тым, што ў паэта былі вельмі напружаныя адносіны з мачыхай, якая адначасова была яго цёткай. Пасля смерці маці Максіма яго бацька Адам Ягоравіч быў жанаты яшчэ двойчы і апошні раз абраўся шлюбам з роднай сястрой сваёй першай жонкі.
Менавіта таму дома малады паэт еў вельмі рэдка і з вялікай неахвотай далучаўся да агульнага стала.
Да экзаменаў рыхтаваліся пад піва
Цікавая гастранамічная гісторыя пра Багдановіча звязаная з "піўной Данілыча" ў Яраслаўлі. Менавіта гэтая ўстанова ўзгадваецца ў яго апавяданні "Экзамен", якое можна лічыць аўтабіяграфічным. У ім дзейнічаюць рэальныя сябры і таварышкі Максіма, таму рэальнымі можна палічыць і апісаныя абставіны.
Сямікласнікі-гімназісты наведваліся сюды, каб рыхтавацца да экзаменаў і пісаць "сдувалкі", якія сучасным школьнікам і студэнтам больш вядомыя пад назвай "шпаргалкі".
"Пивную Данилыча, бывшую вблизи гимназии, по большим переменам стали навещать кучки семиклассников, спешно глотавших в задней комнатке горькое пиво, закусывавших моченым горохом и горячо споривших о возможности тех или иных спасательно-системных мероприятий", — гаворыцца ў апавяданні.
Нягледзячы на сваю хваробу, Багдановіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці і нават дазваляў сабе крыху падурэць.
Цукровы аскетызм
Цікавая гісторыя звязана з перыядам жыцця паэта ў Мінску, калі ён далучыўся да дзейнасці клуба інтэлігенцыі "Беларуская хатка". Падчас першай сусветнай вайны Таварыства дапамогі ахавярам вайны стварыла некалькі сталовак для бежанцаў. Пры адной з іх існаваў і так званы клуб, удзельнікамі якога былі многія знакамітыя грамадскія і культурныя дзеячы тых часоў.
Адна з удзельніц тых даўніх падзей Зоська Верас узгадвала "цукровую" гісторыю Максіма — малады паэт адмаўляўся піць гарбату з цукрам. Сябры ніяк не маглі зразумець, чым выкліканы такі аскетызм, а калі пыталіся, Багдановіч пазбягаў адказу.
Аднойчы хтосьці з мясцовых жартаўнікоў нават падкінуў у гарбату цукерку, за што Максім вельмі моцна пакрыўдзіўся.
"Справа ў тым, што часы былі вельмі суровымі. Максім жыў у прыфрантавым Мінску і бачыў, як складана жылося перасяленцам, і асабліва дзецям", — тлумачыць Міхаіл Бараноўскі.
Праз некаторы час высветлілася, што малады чалавек збіраў свой цукровы паёк, каб потым аддаць яго ў дзіцячы прытулак. Цукру назбіраўся цэлы мех, так што прыйшлося на дапамогу клікаць таварыша — разам несці прысмакі атрымлівалася лягчэй.
Тая ж Зоська Верас узгадвала, што, калі Максім харчаваўся ў адной са сталовак Камітэта дапамогі ахвярам вайны, ён еў звычайныя стравы і катэгарычна адмаўляўся ад узмоцненага харчавання, на якім настойвалі дактары.
Магчыма, гэтае стаўленне і пэўны фаталізм у адносінах да свайго жыцця і саслужылі дрэнную службу здароўю паэта.
Чытайце таксама: