Макей: Расія разумее імкненне Беларусі развіваць адносіны з ЕС

Па словах кіраўніка МЗС Беларусі, тэму развіцця адносін рэспублікі і ЕС ён абмяркоўваў і з расійскім калегам Сяргеем Лаўровым.
Sputnik

МІНСК, 4 чэр - Sputnik. Расія разумее імкненне Беларусі развіваць адносіны з Еўрапейскім саюзам, заявіў у аўторак журналістам кіраўнік МЗС рэспублікі Уладзімір Макей.

Мядзведзеў задаволены перамовамі з Румасам

Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай еўрапейскай ініцыятывы "Усходняе партнёрства". У цэлым рэспубліка выступае за выбудоўванне адносінаў з усімі замежнымі партнёрамі, рэалізуючы шматвектарную знешнюю палітыку.

"У апошні час, на наш погляд, Расія стала больш разумець, што ўдзел Беларусі ў ініцыятыве "Усходняе партнёрства" не накіраваны супраць Расіі", - заявіў у аўторак Макей, яго словы прыводзіць БелТА.

Міністр замежных спраў Беларусі дадаў, што абмяркоўваў гэтую тэму з расійскім калегам Сяргеем Лаўровым. У Маскве разумеюць імкненне Мінска развіваць адносіны з ЕС, які з'яўляецца другім па велічыні гандлёвым партнёрам для рэспублікі.

"Выжыць у сённяшняй сітуацыі, якая характарызуецца вялікім узроўнем канфрантацыі, мы можам толькі тады, калі будзем сябраваць з усімі. Гэта наша палітыка і адзін з асноўных прынцыпаў шматвектарнасці, якога мы прытрымліваемся і будзем прытрымлівацца", - падкрэсліў Макей.

Тавараабарот Беларусі і краін Еўрасаюза у 2018 годзе склаў 17,3 мільярда долараў, павялічыўшыся ў параўнанні з папярэднім годам на 19,6%. З Расіяй тавараабарот у Беларусі ў мінулым годзе склаў 35,5 мільярдаў долараў.