Наступствы катастрофы на ЧАЭС: эксперты расказалі, што хвалюе беларусаў

Сярод усіх экалагічных праблем беларусаў больш за ўсё хвалююць наступствы Чарнобыльскай катастрофы і знікненне жывёл і раслін.
Sputnik

МІНСК, 5 чэр - Sputnik. Толькі 24% насельніцтва Беларусі ўдзельнічаюць у абароне навакольнага асяроддзя, вынікамі адпаведнага даследавання падзяліліся ў прэс-службе ПРААН у Беларусі.

"Мёртвыя землі" адкрылі - Беларусь пусціла турыстаў у зону адчужэння

Узровень "экалагічных" ведаў насельніцтва Беларусі ацанілі эксперты пры дапамозе даследавання, праведзенага па праекце "Экаманіторынг" (фінансуецца ЕС і выконваецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды).

Паводле дадзеных даследавання, толькі 24% насельніцтва Беларусі бяруць удзел у абароне навакольнага асяроддзя, здзяйсняючы з гэтай мэтай канкрэтныя дзеянні: у прыватнасці, сарціруючы смецце або эканомна выкарыстоўваючы ваду і энергію.

"У той жа час 16% хацелі б навучацца экалагічнаму маніторынгу, а 15% хацелі б стаць грамадскімі эколагамі. Гэты паказчык гатоўнасці грамадства да распрацоўкі комплексных экалагічных рашэнняў выклікае надзею", - адзначаецца ў паведамленні.

Эксперты таксама распавялі, якія экалагічныя праблемы сёння хвалююць беларусаў больш за ўсё:

  • наступствы Чарнобыльскай катастрофы (43%);
  • знікненне відаў флоры і фауны (27%);
  • забруджванне паветра, вады і глебы (26%).

Выбух, які адбыўся на Чарнобыльскай АЭС у ноч з 25 на 26 красавіка 1986 года, цалкам знішчыў рэактар чацвёртага энергаблока станцыі. Аварыя прызнана найбуйнейшай катастрофай у гісторыі атамнай энергетыкі: сумарна ад катастрофы і яе наступстваў пацярпелі пяць мільёнаў чалавек.