Фота

Жывы агонь і палымяныя танцы: як прайшло "Свята Сонца - 2019"

Sputnik

"Свята Сонца", штогадовы фолк-фестываль, прайшоў у Дудутках на мінулыя выхадныя. Беларусы і госці рэспублікі, якіх у краіне сабралося шмат з нагоды Еўрапейскіх гульняў, выдатна бавілі час на прыродзе: на фестывалі можна было наведаць кірмаш традыцыйных беларускіх рамёстваў, пакаштаваць сапраўдную беларускую ежу і напоі, паслухаць вядомых выканаўцаў, а напрыканцы свята атрымаць асалоду ад неверагоднага фаер-шоу. 

Забаўкі па душы маглі знайсці сабе і дарослыя, і дзеці: калі першых вабіла да сабе сцэна і палаткі з прахалоднымі напоямі, апошнія гарэзавалі і з задавальненнем назіралі за рэканструктарамі ў нацыянальных строях, а таксама дзівіліся з незвычайных цацак на кірмашы. 

На сцэнах свята выступілі 24 музычныя калектывы, сярод якіх беларускія "Naviband", "Стары Ольса", "Pawa", "Irdorath", "Тарас на Парнасе", расійская каманда "Тролль Гнет Ель" і ўкраінскі гурт "Joryj Kłoc", які ўпершыню прыехаў на фестываль.

Калі сцямнела, прайшоў ужо традыцыйны конкурс вогненных тэатраў, у ім паспаборнічалі 20 калектываў, якія працуюць у жанры піратэхнічнага шоу.

1 / 25
Традыцыйны летні фестываль "Свята Сонца" прайшоў у Дудутках у мінулыя выхадныя.
2 / 25
Гасцей чакала шмат добрай музыкі ад вядомых фолк-гуртоў, як беларускіх, так і з-за мяжы.
3 / 25
На кірмашы можна было набыць розныя вырабы народных майстроў - у тым ліку смешныя і незвычайныя, як вось гэтыя лялькі-шатландцы.
4 / 25
Хапала незвычайнага і ў натоўпе гасцей фестывалю: некаторыя прымерылі на сябе казачныя вобразы.
5 / 25
Іншыя засталіся вернымі традыцыйным матэрыялам: лён і бавоўна - лепшае, што можна апрануць у спякоту, і не забыцца на капялюш.
6 / 25
Маленькіх удзельнікаў фестывалю чакалі розныя цікавыя гульні.
7 / 25
А дарослыя маглі ўдосталь натанчыцца пад фолк-рок.
8 / 25
На сцэнах свята выступілі 24 музычныя калектывы, сярод якіх беларускія "Naviband", "Стары Ольса", "Pawa", "Irdorath", "Тарас на Парнасе", расійская каманда "Тролль Гнет Ель" і ўкраінскі гурт "Joryj Kłoc", які ўпершыню прыехаў на фестываль.
9 / 25
Калі пачало цямнець, госці свята сабраліся каля пляцоўкі, на якой адбылося фаер-шоу.
10 / 25
У конкурсе прынялі ўдзел 20 каманд - яны падрыхтавалі сапраўды запальныя нумары.
11 / 25
Вогненная феерыя ўжо ў трэці раз праводзіцца на летнім фестывалі.
12 / 25
Фаершчыкі рыхтуюць для нумара адмысловыя касцюмы.
13 / 25
Рэквізіт, які патрэбны для танцаў з агнём, называецца вельмі паэтычна - напрыклад, кожная дзяўчына на гэтым фота трымае вогненны веер.
14 / 25
Традыцыя дыхаць агнём прыйшла да нас з даўніх часоў: такія прадстаўленні паказвалі ў старажытнасці яшчэ індыйскія факіры.
15 / 25
Зараз новыя тэхналогіі дапамагаюць ператварыць выступ у нешта фантастычнае.
16 / 25
Рознакаляровы дым і агонь прыцягваюць вока, прымушаючы назіраць за танцам, затаіўшы дыханне.
17 / 25
На крылах квітнеюць спалохі агню.
18 / 25
Фаершчыкі прыдумляюць для нумара цэлую гісторыю.
19 / 25
Маскі і касцюмы гэтак жа, як і пластыка рухаў, распавядаюць, пра што гэты танец.
20 / 25
Некаторыя вобразы дастаткова лёгка пазнаць нават без каментароў.
21 / 25
Агонь і іскры ва ўсе бакі - гледачы стаяць за адмысловай агароджай, куды яны не далятаюць.
22 / 25
Цёмныя сілуэты на фоне агню выглядаюць сапраўды шыкоўна.
23 / 25
Незвычайныя формы дапамагаюць фаершчыкам прадэманстраваць усё ўменне валодаць агнём.
24 / 25
З'явіўся на пляцоўцы і сапраўдны дракон, але яго здолеў перамагчы рыцар з палымяным мячом.
25 / 25
Свята скончылася далёка за поўнач.