МІНСК, 25 чэр - Sputnik. Беларускі пісьменік Альгерд Бахарэвіч адмовіўся ад удзелу ў літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца ў гэтым годзе. Поўны спіс намінантаў быў абвешчаны сёння, паведамілі ў Беларускім ПЭН-Цэнтры.
Сярод прэтындэнтаў на перамогу на гэты раз аказаліся Валерый Гапееў, Адам Глобус, Андрусь Горват, Людміла Рублеўская, Віктар Марціновіч і іншыя – усяго 34 намінанты.
Павінен быў патрапіць у спіс і Альгерд Бахарэвіч з кнігай "Мае дзевяностыя".
"Выдавецтва "Янушкевіч" вылучыла шэраг кніг на прэмію, але гэтай у спісе не згадала. Маючы права намінаваць кнігу самастойна, журы настойліва прапанавала сакратарыяту ўзнагароды звярнуцца да выдаўца і аўтара з просьбай прадставіць электронную версію выдання", - распавялі ў ПЭН-Цэнтры.
Аказалася, што Бахарэвіч накіраваў у адрас сакратарыяту ліст з адмовай удзельнічаць у сёлетняй Прэміі. Ён патлумачыў, што на гэта паўплываў шэраг прычын, "якія маюць як светапоглядны, так і творчы, а таксама асабісты характар".
"Мае погляды на літаратуру і літаратурны працэс не дазваляюць мне браць удзел у прэміяльнай гонцы", - падкрэсліў Бахарэвіч.
Дагэтуль пісьменнік штогод удзельнічаў у прэміі і некалькі разоў уваходзіў у выніковую тройку – станавіўся другім у 2012, 2013, 2016 і 2018 гадах і трэцім – у 2014 годзе, але не быў пераможцай.
На пачатку чэрвеня стала вядома, што Бахарэвіч з кнігай "Сабакі Эўропы" трапіў у шорт-ліст прэстыжнай расійскай прэміі "Вялікая кніга". Аўтар сам пераклаў кнігу на рускую мову пасля таго, як яна выйшла ў беларускім выдавецтве. Раман ужо назвалі лепшай беларускай кнігай 2017 года па версіі пісьменніцкай супольнасці.
Чытайце таксама:
Самая маладая беларуская пісьменніца пра папулярнасць, сацсеткі і панк-рок
Пісьменніца Наталля Батракова: кажуць, што я плачу бібліятэкарам за рэкламу