Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка, Тымчасовы, Банадысь Асака – беларуская паэтка, пісьменніца, грамадскі дзеяч Алаіза Пашкевіч друкавалася пад мноствам імёнаў, але зараз яна найбольш вядомая нам пад ласкавым "Цётка".
Чытайце біяграфію і выбраныя вершы Алаізы Пашкевіч (Цёткі).
Раннія гады і першыя творы
Нарадзілася Алаіза 27 (па іншых звестках 3 або 15) ліпеня ў цяперашнім Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці; тады, у 1876 годзе, гэта быў Лідскі павет Віленскай губерні Расійскай Імперыі. Паходзіла будучая пісьменніца са шмаддзетнай шляхецкай сям'і – у яе было два браты і тры сястры.
Напэўна, усё сваё жыццё Цётка вучылася: спачатку дома, потым у Віленскім прыватным вучылішчы, пасля якога нейкі час працавала хатняй настаўніцай, пакуль не з'ехала ў 1902 годзе ў Санкт-Пецярбург. У сталіцы дзяўчына наведвала вышэйшыя адукацыйныя курсы Лесгафта, дзе атрымала веды па педагогіцы, батаніцы і медыцыне, якія потым вельмі дапамаглі ёй у жыцці.
Менавіта падчас свайго жыцця ў Пецярбургу Алаіза пачала друкаваць уласныя вершы, напісаныя пад уплывам гуртка студэнтаў-беларусаў "Круг беларускай народнай прасветы", у якім актыўна ўдзельнічала. Галоўнымі мэтамі гуртка былі нацыянальнае вызваленне беларусаў, сацыяльнае вызваленне працоўных і актыўная барацьба з царызмам.
Пад выглядам фальклорнага зборніка ў 1903 годзе выйшла кніжка Пашкевіч "Песні", дзе побач з творамі Францішка Багушэвіча змешчаны яе верш: "Мужыцкая доля" пад псеўданімам Банадысь Асака.
Вымушаная эміграцыя
У наступным годзе Алаіза, не скончыўшы курсаў, пераехала ў Вільню, дзе працавала фельчарам і ў той жа час працягвала прапагандысцкую дзейнасць, якая ў выніку вымусіла яе, каб пазбегнуць суду, эміграваць у Аўстра-Венгрыю (цяпер – Галіцыя).
У Львоўскім універсітэце яна атрымала гісторыка-філалагічную адукацыю, а таксама выступала вольнай слухачкай філасофскага факультэта. Там жа Пашкевіч надрукавала дзіцячую чытанку "Гасцінец для малых дзяцей", якую пераклала з украінскай мовы. Неўзабаве ў 1906 годзе выйшлі і два невялічкія зборнікі вершаў: "Скрыпка беларуская" і "Хрэст на свабоду", абодва пад псеўданімамі (Гаўрыла з Полацка і Гаўрыла адпаведна).
Пад чужым пашпартам Пашкевіч наведвала радзіму, дзе прымала ўдзел у выпуску першай беларускай газеты "Наша доля": там надрукавалі яе апавяданне "Прысяга над крывавымі разорамі".
Вяртанне назаўсёды
У 1908-09 гадах Алаіза, якая перанесла хваробу на сухоты, жыла ў Кракаве, дзе вучылася на гуманітарным аддзяленні ў Ягелонскім універсітэце і была членам рэвалюцыйнай арганізацыі моладзі ўніверсітэта. Там жа зацікавілася тэатрам і атрымала навуковую ступень, выканаўшы працу "Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польскай драматычнай літаратурай". У 1911 годзе разам з будучай жонкай Янкі Купалы Уладзіславай Станкевіч стварыла некалькі нелегальных беларускіх школ у Лідскім павеце і Нова-Вільні.
Шлюб з літоўскім інжынерам Сцяпонасам Кайрысам дазволіў ёй, змяніўшы прозвішча, легальна вярнуцца ў Вільню. Там яна прымала акрыўны ўдзел у культурным жыцці горада, іграла ў тэатры.
Падчас Першай сусветнай вайны працавала сястрой міласэрнасці. Калі ў 1916 годзе памёр бацька Пашкевіч, Алаіза прыехала на яго пахаванне, дзе сама заразілася тыфам, які лютаваў у той час на Лідчыне. Пайшла з жыцця паэтэса 5 лютага 1916 года і была пахаваная на могілках у родным Старым Двары.
Чытайце таксама: