Латэкс, труна і палкія танцы: якім купалаўцы паказалі "Шляхціца Завальню"

Карэспандэнт Sputnik Алеся Шаршнёва патрапіла на перадпаказ-выпрабаванне і пастаралася зразумець стваральнікаў.
Sputnik

Маладая беларуская рэжысёрка Алена Ганум дэбютавала на сцэне Купалаўскага тэатра з "Шабанамі" паводле рамана Альгерда Бахарэвіча. Пасля гэтага была "Зямля Эльзы" па творы Яраславы Пуліновіч і вось цяпер – зноў беларускі матэрыял. Працаваць з творчасцю аднаго са стваральнікаў нацыянальнай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага – сапраўднае выпрабаванне на трываласць. Ці справілася з ім амбітная і не пазбаўленая таленту рэжысёрка, пакуль сказаць складана.

Няма праблем

Дзеянне разгортваецца на поўначы Беларусі, куды малады Ян прыязджае да свайго дзядзькі шляхціца Завальні. А там яго чакае каханая, што выйшла замуж за багатага паніча і шмат містычных гісторый. Так пачынаецца пастаноўка, пераказ сюжэту якой не рызыкуе стаць спойлерам: рэжысёрская інтэрпрытацыя ў ёй амаль адсутнічае, затое ёсць неблагая ілюстрацыя існуючага аўтарскага тэксту. Дарэчы, для ілюстрацыі творчая каманда выкарыстоўвае ўсе магчымыя сродкі.

Латэкс, труна і палкія танцы: якім купалаўцы паказалі "Шляхціца Завальню"

У спісе сродкаў – музыка і сцэнаграфія. За першае адказваў кампазітар Віктар Кісцень, за другое – мастакі Кацярына Шымановіч і Сергей Ашуха. І той, і другія справіліся са сваёй задачай выдатна. Шымановіч, увогуле, мяркуючы па мінулых, аднолькава стылёвых, спектаклях - "Запалкі", "Радзіва Прудок" – можна назваць сапраўднай знаходкай Купалаўскага і беларускай тэатральнай прасторы. Яе колеравыя акцэнты застаюцца ў памяці назаўсёды і дазваляюць адчуць сапраўднае эстэтычнае задавальненне.

Што тычыцца зместу, а дакладней, яго перадачы на сцэне, тут нажаль не ўсё так выдатна. Перад прэм’ерай стваральнікі распавядалі, што тэатр падступаўся да пастаноўкі спакваля. Гарталі альбомы з графікай Валерыя Славука, ездзілі разам з пісьменнікам Уладзімірам Арловым у Полацк, каб натхніцца і зразумець кантэкст. Магчыма, з-за маруднага пагружэння ў тэму першы акт атрымаўся такім зацягнутым – ніякай дынамікі, суцэльныя размовы. У некаторых момантах здавалася, што пэўныя дыялогі проста прыцягнутыя за вушы, каб акцёрам было чым заняцца і хоць як-небудзь абазначыць праблемны бок.

Спроба нумар два

Другі акт спектаклю – сапраўдная ўзнагарода для тых, хто вырашыў даць яму шанец і не сыйшоў пасля першага. Дынамічнае дзеянне адразу захоплівае і прымушае здзіўлена азірацца, узгадваючы першую частку пастаноўкі. Аматары Купалаўскага тэатра могуць уздыхнуць с палёгкай – усё ж такі атрымалася.

У поўнай меры раскрываюцца ў другой частцы і дзве сапраўдныя зоркі пастаноўкі – Іван Трус і Аляксандр Казела. Яны засяроджваюць увагу гледачоў на сабе яшчэ ад самага пачатку і не адпускаюць да апошніх гукаў музыкі.

Латэкс, труна і палкія танцы: якім купалаўцы паказалі "Шляхціца Завальню"

Роля доктара Шэльмера – гэта першая сур’ёзная работа Труса ў Купалаўскім. Ён ужо паспеў паказаць сябе у спектаклі "Убачыць ружовага слана" Homo Cosmos, а да гэтага працаваў у Магілеўскім драматычным тэатры. Зараз малады чалавек усё больш мільгае на экранах і сцэнічных падмостках і гэта апраўдана.

Варта адзначыць, што дрэнныя персанажы атрымліваюцца ў Труса выдатна: прыцягальнае і харызматычнае зло выглядае больш жывым і натуральным, чым добрыя персанажы. Яны, дарэчы, выглядаюць аднолькавымі, так што верыць у натуральнасць пры ўсім жаданні не атрымліваецца. Самымі каларытнымі і "жывымі" (нягледзячы на тое, што ў адным з эпізодаў Завальня ляжыць у труне) з каманды дабрыні выглядаюць шляхціц Завальня ў выканані Генадзя Аўсяннікава і Тамара Міронава ў вобразе яго жонкі.

Белая Сарока ў выкананні Аляксандра Казелы рызыкуе ўвогуле стаць любімым персанажам усёй глядацкай аўдыторыі. Акцёр у латэксным касцюме размаўляе па-руску з французскім акцэнтам і выглядае як шыкоўная пародыя – іранічная, зразумелая і з тонкім гумарам.

Узроставы цэнз 6+

Засталося шмат пытанняў і аб тым, да якога жанру адносіцца гэты спектакль. Стваральнік  наўмысна не вызначаюць яго жанравую прыналежнасць, пакідаючы гледачам прастору для разважанняў, але вызначыцца ўсё ж такі складана, бо па ўсіх магчымых накірунках пастаноўцы "крыху не хапіла": містычнасці, гумару, эмоцый.

Латэкс, труна і палкія танцы: якім купалаўцы паказалі "Шляхціца Завальню"

Баршчэўскага нярэдка называюць беларускім Гогалем. Такое параўнанне – гэта заяўка на містыку і жахі, ад якіх па скуры бягуць дрыжыкі. Але ў спектаклі зрабіць гэтага не атрымалася, магчыма, з-за абмежаваных тэхнічных магчымасцяў: там, дзе павінна быць страшна, становіцца смешна, і, нават паглядаючы на любоўны трохкутнік, нічога не ёкае.

Спектакль "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" стане прыемным досведам для аматараў беларускай культуры і літаратуры, а маленькім гледачам, магчыма, спадабаецца нават больш, чым дарослым. Выснова такая, таму што не хочацца станавіцца адэптам сучаснай моды на крытыку ўсяго беларускага.

Але тых, хто пойдзе на пастаноўку з мэтай убачыць неверагодны нацыянальны прадукт, варта папярэдзіць: стваральнікам ёсць куды імкнуцца.