Стартаваў адбор на дзіцячае "Еўрабачанне-2019"

Заяўкі ад юных артыстаў будуць прымаць да 15 жніўня, пераможцу адбору вызначаць да 27 верасня.
Sputnik

МІНСК, 16 ліп - Sputnik. Белтэлерадыёкампанія пачала адбор на дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2019", паведамілі ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".

Кандыдатам на дзіцячае "Еўрабачанне" ад Украіны забаранілі выступаць у Расіі

Дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2019" адбудзецца 24 лістапада 2019 года ў горадзе Глівіцэ (Польшча). На дадзены момант удзел у шоу пацвердзілі прадстаўнікі 18 краін.

Прадстаўніка Беларусі для дзіцячага "Еўрабачання" ў гэтым годзе, як і ў папярэднія, абяруць шляхам адкрытага нацыянальнага адбору.

Белтэлерадыёкампанія будзе прымаць заяўкі ад юных артыстаў да 15 жніўня. Ад сямі да дзесяці фіналістаў будуць вызначаныя па выніках праслухванняў, а прадстаўніка Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні" вызначаць галасаваннем гледачоў і членаў журы на канцэрце, які пройдзе да 27 верасня.

Сярод патрабаванняў да ўдзельнікаў адбору - узрост ад дзевяці да 14 гадоў, беларускае грамадзянства або пражыванне ў рэспубліцы не менш за два з паловай гады, адсутнасць камерцыйнай рэалізацыі або публiчнага выканання конкурснай песні да 1 мая.

Беларусь традыцыйна паспяхова ўдзельнічае ў дзіцячым "Еўрабачанні": двойчы прадстаўнікі краіны перамагалі ў шоу - у 2005 і 2007 гадах. У 2018-м годзе рэспубліка сама правяла конкурс.