Першым на беларускую мову перакладуць Кодэкс аб шлюбе і сям'і

Кодэксы, якія плануецца перакласці на адну з дзяржаўных моў, былі прынятыя ў краіне 20 гадоў таму.
Sputnik

МІНСК, 25 ліп - Sputnik. Экспертны савет па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову пастанавіў, што першым будзе перакладзены Кодэкс аб шлюбе і сям'і.

Беларусаў чакаюць новыя змены ў Працоўным кодэксе

Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні савета, паведамілі ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі (НЦПІ).

Там нагадалі, што перавесці заканадаўчыя акты на беларускую мову даў даручэнне кіраўнік дзяржавы падчас "Вялікай размовы з прэзідэнтам", якая прайшла 1 сакавіка бягучага года. Тады пры НЦПІ і быў створаны савет па перакладах.

"У якасці першага заканадаўчага акта, які ў рамках дзейнасці савета будзе перакладзены на беларускую мову, вызначаны Кодэкс аб шлюбе і сям'і", - сказалі ў НЦПІ.

Плануецца, што праца па перакладзе пачнецца ў бліжэйшы час.

Экспертны савет таксама абмеркаваў магчымасць пачаць перакладаць у 2019 годзе на беларускую мов Выбарчы і Грамадзянскі кодэксы.

Кодэкс аб сям'і і шлюбе быў прыняты ў 1999 годзе, у ім 25 раздзелаў, якія ўтрымліваюць больш за 240 артыкулаў. Выбарчы кодэкс прыняты ў 2000 годзе, у ім 29 раздзелаў, якія ўключаюць у сябе звыш 150 артыкулаў. Грамадзянскі кодэкс прыняты ў 1998 годзе, у ім больш за 70 кіраўнікоў.

У экспертны савет па перакладах ўваходзяць навукоўцы НАН, дэпутаты, прадстаўнікі Мінюста, Мінкульта, НЦПІ, ВНУ, незалежныя эксперты.